Турцыя склікала паслоў пяці пастаянных краін - членаў Савета Бяспекі ААН

18 февраля 2016

Турцыя склікала паслоў пяці пастаянных краін - членаў Савета Бяспекі ААН пасля тэракта, што адбыўся напярэдадні ў Анкары. Яго ахвярамі сталі 28 чалавек. Больш за 60 атрымалі раненні. Адказнасць за атаку пакуль ніхто на сябе не ўзяў. Расследаванне працягваецца. Ужо ёсць і першыя затрыманыя. З асуджэннем тэракта выступілі лідары многіх краін, а таксама ААН. Глыбокія спачуванні і словы шчырай падтрымкі лідару Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, родным і блізкім загінуўшых і пацярпелых у выніку тэракта ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Канец рабочага дня. Самы цэнтр турэцкай сталіцы. Бомба прыведзеная ў дзеянне побач з аўтобусам, які перавозіў вайскоўцаў. Паводле некаторых звестак, смяротнік даволі доўга ехаў за ім на сваёй замініраванай машыне. І калі той спыніўся на святлафоры, замкнуў правады.

Момант выбуху трапіў на запіс камер відэаназірання. Над месцам здарэння клубы густога дыму, пачаўся пажар - загарэліся некалькі машын, што стаялі на святлафоры. Выбуховая хваля адчувалася ў іншых раёнах сталіцы на адлегласці двух кіламетраў. Пачалася паніка.

Да месца надзвычайнага здарэння прыбылі пажарныя разлікі, машыны хуткай дапамогі, праваахоўнікі ачапілі месца, над Анкарой з'явіліся паліцэйскія верталёты. З мэтай гарантавання бяспекі і грамадскага парадку была ўведзеная часовая забарона для СМІ на публікацыю кадраў і фатаграфій з месца выбуху. Аматарскія ролікі, зрэшты, з'явіліся ў Сетцы хутка. Але не ўсе яны сапраўдныя. Назбіраўшы звестак, прадстаўнікі ўлады выйшлі да журналістаў.

Нуман Куртулмуш, віцэ-прэм'ер урада Турцыі: "Нашы грамадзяне сталі ахвярамі выбуху - у спісе і цывільныя асобы, і вайскоўцы. Ёсць параненыя, яны шпіталізаваныя. Медыкі спрацавалі аператыўна, хуткія былі на месцы ўжо праз тры хвіліны. Пакуль няма інфармацыі наконт таго, хто арганізаваў і ўчыніў гэтую атаку, але хутка мы высветлім гэта. Быў і другі выбух. Але гэта быў падрыў падазронага пакета нашымі сілавікамі".

Віцэ-прэм'ер таксама падкрэсліў, што атака была добра спланаваная. Выбух прагрымеў у пункце не толькі стратэгічна важным (там знаходзяцца будынкі Генштаба, шэрагу міністэрстваў, ваенныя інтэрнаты), але і тым, што дае максімальны радыус паражэння. Як удалося рэалізаваць гэта, будуць высвятляць лепшыя спецыялісты, расследаваннем зоймуцца сем пракурораў. Гэтае рашэнне было прынятае ўжо праз некалькі гадзін пасля выбуху падчас экстраннага пасяджэння Савета бяспекі краіны. З-за тэракта турэцкае кіраўніцтва адмяніла ўсе замежныя паездкі. У прыватнасці, не адбыўся нефармальны саміт ЕС - Турцыя па міграцыі.

Рэджэп Эрдаган, Прэзідэнт Турцыі: "Мы гнеўна асуджаем подлы тэракт у Анкары. Мы не звернем са шляху барацьбы з тэрарызмам і будзем працягваць яе як у Турцыі, так і за яе межамі. Ахвяры, якія мы нясём, перапаўняюць чашу нашага цярпення".

Адказнасць за тэракт пакуль ніхто на сябе не ўзяў. Турэцкі ўрад абвінаваціў у здарэнні сірыйскіх курдаў, аднак тыя сваё дачыненне абверглі. Расследаванне працягваецца. Па падазрэнні ў сувязях з арганізатарамі тэрактаў на тэрыторыі Турцыі арыштаваныя ўжо паўтара дзясятка чалавек. Высветлена і асоба смяротніка. Гэта Салід Неджар, ураджэнец Сірыі, які прыехаў у Турцыю пад выглядам бежанца. Акрамя таго, мясцовыя СМІ паведамілі, што аўтамабіль Volkswagen, выкарыстаны пры тэракце, знаходзіўся ў вышуку. У Анкары ўзмоцненыя меры бяспекі. На вуліцах нешматлюдна.

"Усе вельмі напалоханыя. Учора на тварах людзей быў страх і ён застаўся. Пакуль мала інфармацыі, ніхто не ведае, хто стаіць за тэрактам, ці варта нам асцерагацца паўторных выбухаў?"

Не паспела Турцыя адысці ад учарашняга тэракта ў Анкары, як сёння ля горада Дыярбакыр адбыўся новы. Баевікі ўзарвалі ваенную аўтакалону. Як мінімум сем чалавек загінулі. Таксама вядома пра некалькі параненых.

І ўжо пасля трагедыі ў Анкары стала вядома, што ў Швецыі, у Стакгольме, адбыўся выбух насупраць турэцкага культурнага цэнтра. На шчасце, у будынку ў той момант нікога не было. Сам будынак атрымаў значныя пашкоджанні. І пакуль няма нават падазроных ва ўчыненні нападу.