Савет Бяспекі ААН запланаваў правесці сёння пазачарговае пасяджэнне па пытанні Сірыі

16 апреля 2018

На сустрэчы будзе разгледжаны праект рэзалюцыі, які ўнеслі Францыя, Вялікабрытанія і ЗША.

У дакуменце прапаноўваецца стварэнне незалежнага механізма для расследавання інцыдэнту ў сірыйскай Думе. Таксама аўтары праекта заклікаюць да бесперашкоднай пастаўкі гуманітарнай дапамогі, спынення агню і патрабуюць, каб Сірыя далучылася да мірных перамоў пад кіраўніцтвам ААН. Нагадаем, у ноч на 14 красавіка ЗША, Вялікабрытанія і Францыя нанеслі авіяўдары па шэрагу цэляў у Сірыі. ЗША і іх саюзнікі лічаць удары па Сірыі прапарцыянальным адказам на хіматаку ў Думе. Дамаск абвінавачванні адхіляе.

Тым часам ЗША збіраюцца ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі "ў якасці адказу на падтрымку Масквой рэжыму Башара Асада". Гэта заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН у інтэрв'ю тэлекампаніі Сі-бі-эс.

Увядзенне новых санкцый рыхтуе і Вялікабрытанія. Адпаведнае рашэнне будзе прынята ўжо ў найбліжэйшы час. Адносіны паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй абвастрыліся пасля інцыдэнту ў Солсберы, дзе 4 сакавіка знайшлі без прытомнасці экс-супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію. Лондан абвінавачвае ў іх атручэнні Маскву, Расія гэта катэгарычна адмаўляе.

І сёння ж кіраўнікі МЗС краін Еўрасаюза збяруцца на пасяджэнне Савета ЕС у Люксембургу, на якім абмяркуюць сітуацыю вакол Сірыі і справу Скрыпаля. Трэцім пунктам парадку дня стане Іран і сітуацыя, што складваецца вакол пагаднення па ядзернай праграме гэтай краіны. Ужо менш чым праз месяц ЗША могуць аб’явіць аб сваім рашэнні выйсці са здзелкі.