Сітуацыя ва Украіне па-ранейшаму застаецца складанай

24 февраля 2014

Як паведамляе ЦВК, кампанія па выбарах прэзідэнта стартуе заўтра. Але на гэта патрэбны грошы - два мільярды долараў. У той жа час, па заяве выконваючага абавязкі прэзідэнта Турчынава, на казначэйскім рахунку дзяржавы наогул не засталося сродкаў.


Расказвае Лізавета Казакова: На Майдане па-ранейшаму шматлюдна. Ва Украіне сёння - трэці дзень нацыянальнай жалобы па 82-ух загінуўшых у выніку мецяжу. Яшчэ не аднойчы прагучаць розныя ацэнкі апошніх украінскіх падзей. Сёння тыя, хто ўзяў уладу, апынуліся ў няпростай сітуацыі. Па нават сціплых падліках, украінскай казне не хапае 35 мільярдаў долараў. Нацыянальны банк імкліва страчвае грошы, свае кіеўскія офісы зачыняюць замежныя банкі. Напярэдадні міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's панізіла суверэнны крэдытны рэйтынг краіны другі раз за месяц. Зараз усяго адна прыступка адлучае Украіну ад дэфолту.


Па дапамогу звяртаюцца да ўсяго свету. Выконваючы абавязкі міністра фінансаў папрасіў грамадзян захоўваць спакой і забяспечыць стабільную работу фінансавых устаноў.


Але першачарговая задача - навядзенне парадку ў самой Украіне. Цэнтр Кіева - некалі турыстычны гонар краіны - у барыкадах і смецці. Заклік кіраўніка дзяржадміністрацыі пачаць разбор барыкад камендант Майдана - прадстаўнік Батькивщины - рэзка адпрэчыў. У краіне ў разы вырас узровень злачыннасці. Лідар партыі Удар абяцае пакараць усіх, хто мае дачыненне да супрацьпраўных дзеянняў, у першую чаргу на Майдане, у планах - люстрацыя праваахоўных органаў. Па паведамленні МУС, у вышук аб'яўлены экс-прэзідэнт Віктар Януковіч і шэраг іншых службовых асоб.


У сувязі са складаным палітычным становішчам у адстаўку падалі 11 губернатараў. Пакінулі пасады мэр Севастопаля і Ялты. У Севастопалі проста на прарасійскім мітынгу абралі кіраўніком горада грамадзяніна Расіі. А ў Керчы мітынгоўцы патрэбавалі далучэння Крыма да Расіі, усталяваўшы на будынку гарадскога савета расійскі флаг.


Заходнія краіны ў адзін голас абяцаюць Кіеву грашовую дапамогу, але не раней за май, калі пройдуць пазачарговыя выбары - галасаванне ў Вярхоўнай радзе прызначана на 25 мая. Грошы, прычым буйныя сумы, украінцам патрэбныя ўжо ўчора. Кампанія па выбарах прэзідэнта Украіны стартуе ўжо заўтра.