Меркаваны арганізатар тэрактаў у Парыжы ліквідаваны

19 ноября 2015

Гэта афіцыйна пацвердзілі ў пракуратуры Францыі. Абдэльхамід Абаауд быў апазнаны сярод ахвяр спецаперацыі ў прыгарадзе Парыжа Сен-Дэні. Яго вышук вялі па ўсёй Еўропе. На гэтым праверкі, вобыскі і арышты не спыняюцца. А нават узмацняюцца, асабліва пасля апошняй заявы прэм'ер-міністра Францыі. Сёння на пасяджэнні парламента Мануэль Вальс не выключыў, што ў новых атаках тэрарысты могуць выкарыстаць хімічную зброю. Улады Францыі прадаўжаюць рэжым надзвычайнай сітуацыі ў краіне яшчэ на тры месяцы, тым самым парламент падтрымаў прапанову прэзідэнта Аланда.

Паводле звестак МУС, за апошнія суткі падчас шматлікіх рэйдаў у французскіх гарадах затрыманы дзясяткі падазроных. Усяго з моманту пачатку дзеяння надзвычайнага здарэння - больш за сотню патэнцыяльных тэрарыстаў і іх памагатых.

Спецаперацыі праходзяць і ў іншых буйных гарадах Еўропы - у Бруселі і Рыме. Узровень тэрарыстычнай пагрозы павысілі Швецыя і Данія. Аб магчымым нападзе папярэджаны Ватыкан.

Неспакойна не толькі на зямлі, але і ў паветры. Так, сёння раніцай экстранную пасадку ў балгарскім Бургасе ажыццявіў самалёт, які ляцеў з Варшавы ў Хургаду. Пра бомбу на борце паведаміў 64-гадовы пасажыр, як пазней высветлілася, ён знаходзіўся ў нецвярозым стане. Аэрапорт Бургаса быў часова ачэплены паліцыяй і закрыты.

У экстранных службах краін Еўрасаюза няма адбою ад званкоў аб падазроных прадметах - пераносяцца канцэрты, адмяняюцца матчы, для праверак спыняюць цэлыя цягнікі. Бо апаскі, што ў Стары Свет пад выглядам бежанцаў прыбываюць тэрарысты, пацвердзіліся. І, як гавораць палітыкі, пагроза можа быць яшчэ больш высокай.

Мануэль Вальс, Прэм'ер-міністр Францыі: "Тыя, хто плануе новыя тэракты ў Францыі, могуць звярнуцца да хімічнай або бактэрыялагічнай зброі, таму неабходна рыхтавацца да любога магчымага варыянту. У першую чаргу, гаворка ідзе пра небяспеку, што ідзе ад экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава".

Паводле ацэнак французскіх спецслужб, каля 250 ісламістаў, якія прытрымліваюцца экстрэмісцкіх поглядаў, вярнуліся ў Францыю з Сірыі і Ірака. Усяго ваяваць на баку тэрарыстаў на Блізкім Усходзе паехалі 966 грамадзян Францыі. Як заявіў прэм'ер-міністр Мануэль Вальс, у краіне будзе створана спецыяльная служба, закліканая сачыць за маладымі мусульманамі радыкальных поглядаў.