Сваім апанентам дзеючы кіраўнік дзяржавы пакінуў крыху больш за 2% на дваіх. Першыя афіцыйныя лічбы і заявы назіральнікаў - у рэпартажы Кацярыны Бірэцкай з Астаны.
Мінулай ноччу ў Казахстане не спалі не толькі выбаркамы, якія падлічвалі галасы выбаршчыкаў, але і, па сутнасці, уся краіна. Для таго, каб выйсці на вуліцы і святкаваць перамогу Нурсултана Назарбаева, дастаткова было ўжо звестак эксіт-полу, якія з'явіліся бліжэй да паўночы і канстатавалі безумоўную перамогу дзеючага кіраўнікі дзяржавы з вынікам 97,5%.
А ўжо сёння раніцай, падчас абвяшчэння кіраўніком Цэнтрвыбаркама краіны першых вынікаў падліку галасоў, высветлілася - звесткі эксіт-полу ад афіцыйных адрозніваюцца толькі на 0,2%. На пазачарговых выбарах прэзідэнта Казахстана ў Назарбаева - пераможныя 97,7.
Перамога прыгожая і - цалкам сабе чаканая - менавіта гэтая фраза часцей за іншых сёння гучала з вуснаў міжнародных назіральнікаў.
Увогуле за пазачарговымі выбарамі прэзідэнта Казахстана сачылі гэтым разам больш за тысячу замежных назіральнікаў, уключаючы прадстаўнікоў СМІ. Толькі ў складзе місіі СНД - звыш 400 экспертаў. Большасць з іх сёння ўжо агучылі вынікі сваіх назіранняў, адзначыўшы ў якасці станоўчых момантаў добрую падрыхтоўку і арганізацыю выбараў, каласальную актыўнасць выбаршчыкаў і - адсутнасць якіх-небудзь сур'ёзных парушэнняў. Выніковыя справаздачы місій, вядома, з'явяцца значна пазней. Што ж да вынікаў, то тут таксама кропку ставіць рана, лічбы пакуль папярэднія, але, у той жа час, паводле заканадаўства, канчатковыя вынікі выбараў ЦВК Казахстана абавязаны аб’явіць не пазней чым 3 мая.
А вось звесткі па яўцы выбаршчыкаў сёння ўжо атрымалі статус "выніковых". Лічба, у параўнанні з учарашняй, крыху павялічылася. Канчатковы вынік - 95,22%. Такога, гавораць у ЦВК, у гісторыі Казахстана яшчэ не было. З крыху больш як дзевяці з паловай мільёнаў казахстанцаў, якія мелі права голасу, свой выбар напярэдадні зрабілі больш чым мільён чалавек.