Непагадзь трымае ў напружанні ўсю Еўропу

3 февраля 2014

Моцныя снегапады ў альпійскіх краінах, гіганцкія хвалі ў Іспаніі, паводкі ў Італіі. Ужо які тыдзень непагадзь трымае ў напружанні ўсю Еўропу. Ёсць і загінуўшыя з-за стыхіі. Сотні тысяч чалавек спрабуюць вытрымаць выпрабаванне суровай зімой.


Расказвае Вольга Давідовіч.


У Еўропе ўсе сілы кінутыя на ліквідацыю наступстваў небывалага разгулу стыхіі. У Славеніі з-за ледзянога дажджу, які не сціхае ўжо другія суткі, без электрычнасці застаецца большая частка краіны. Святла няма ў дамах амаль 90 тысяч чалавек. Галалёд ускладніў рух на ўсіх трасах, многія дарогі прыйшлося поўнасцю перакрыць.


У Сербіі не сціхаюць снегапады з завеямі. Спецтэхніка не паспявае расчышчаць гурбы. Рух аўтатранспарту паралізаваны. Змагацца з наступствамі снежнай стыхіі дапамагае армія. З машын і аўтобусаў, якія захраснулі ў гурбах, ужо эвакуіравалі больш за тысячу чалавек. Яшчэ некалькі соцень, у тым ліку ў двух пасажырскіх цягніках, застаюцца ў снежным палоне. Падобная сітуацыя і ў Румыніі.


У горных раёнах Швейцарыі і Аўстрыі склалася лавінанебяспечная сітуацыя. У Альпах ужо загінуў адзін чалавек. Дзясяткі дамоў эвакуіраваныя, закрытыя школы. Паралізаваны рух на многіх трасах. На барацьбу са стыхіяй кінутыя тысячы салдат.


Тым часам на поўдні Еўропы іншая бяда. Бесперапынныя дажджы ў Італіі прывялі да моцных паводак. На Сіцыліі загінула жанчына і двое дзяцей. Машыну, у якой яны ехалі, змыла ў раку.


У Бергама жыхарам прыйшлося ратавацца ад апоўзня, а ў Рыме з-за непагадзі на два дні закрылі школы. Узровень вады ў Венецыі на гэты момант перавышае дапушчальную норму. Падтапленне таксама пагражае такім гарадам, як Фларэнцыя і Піза. Там закрытыя школы і частка магазінаў. У сельскай мясцовасці з небяспечных раёнаў эвакуіравалі каля тысячы чалавек.


А ў Іспаніі і Партугаліі прычына паводак - моцныя штормы. Хвалі разбурылі дзясяткі пабудоў ва ўзбярэжнай зоне.


Падобная сітуацыя ў Францыі - у пяці дэпартаментах уведзены аранжавы ўзровень небяспекі.


Далейшага пагаршэння надвор'я чакаюць і ў Брытаніі. Студзень-2014 стаў самым дажджлівым за апошнія сто гадоў. З-за шторму загінулі ўжо некалькі чалавек. Людзі ўмацоўваюць берагі рэк, асцерагаючыся затаплення дарог, якія яшчэ не кранула стыхія.