Масавая атака БПЛА на рэгіёны Расіі. Што вядома на гэты час?

30 августа 2023

На шэраг расійскіх рэгіёнаў у ноч на 30 жніўня былі ўчынены атакі ўкраінскіх беспілотнікаў. Сілам супрацьпаветранай абароны Расіі ўдалося збіць большасць лятальных апаратаў. У выніку нападаў ніхто не пацярпеў, аднак не абышлося без разбурэнняў. Так, на аэрадроме ў Пскове атрымалі пашкоджанні некалькі ваенна-транспартных самалётаў, узнік пажар. БЕЛТА сабрала асноўную інфармацыю на гэтую гадзіну. 

Што вядома пра атаку на рэгіёны Расіі 

Сёння ноччу Узброеныя Сілы Украіны з дапамогай беспілотнікаў атакавалі адразу шэсць расійскіх рэгіёнаў - Маскоўскую, Арлоўскую, Разанскую, Бранскую, Калужскую, Пскоўскую вобласці.

Каля дзвюх гадзін ночы Мінабароны РФ паведаміла, што расійскія сродкі СПА збілі тры ўкраінскія беспілотнікі самалётнага тыпу над тэрыторыяй Бранскай вобласці і яшчэ адзін БПЛА над тэрыторыяй Арлоўскай вобласці. 

Праз паўгадзіны з'явілася інфармацыя аб знішчэнні БПЛА над тэрыторыяй Калужскай вобласці. Разанскую вобласць за ноч Узброеныя Сілы Украіны атакавалі двойчы - з інтэрвалам паўтары гадзіны. У абодвух выпадках украінскія беспілотнікі былі збітыя. 

Губернатар Арлоўскай вобласці Андрэй Клычкоў пазней удакладніў, што над тэрыторыяй рэгіёна былі збіты два беспілотныя лятальныя апараты. "Інфармацыі аб пашкоджаннях і пацярпелых няма. Усе аператыўныя службы задзейнічаны для гарантавання бяспекі", - напісаў Клычкоў у сваім Telegram-канале.

Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў, што пры падзенні збітага беспілотніка быў пашкоджаны адміністрацыйны будынак. Пазней Багамаз праінфармаваў яшчэ аб адным налёце - два беспілотнікі спрабавалі атакаваць тэлевежу ў Бранску. Атака была спынена сіламі СПА. Пацярпелых і разбурэнняў няма. Узгаранне на месцы збітых беспілотнікаў на гэтую гадзіну ліквідавана. 

Па словах губернатара Калужскай вобласці Уладзіслава Шапшы, адзін з беспілотнікаў трапіў у рэзервуар для захоўвання нафтапрадуктаў.  

Бліжэй да раніцы мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў у сваім Telegram-канале, што сілы СПА збілі ў Рузскім раёне адзін з беспілотнікаў, які накіроўваўся да Масквы.

"Сёння ўначы была ўчынена спроба масавай атакі беспілотнікаў у Цэнтральнай федэральнай акрузе. Адзін з БПЛА, які накіроўваўся да Масквы, быў знішчаны сіламі СПА ў Рузскім раёне", - напісаў Сабянін. Ён удакладніў, што, паводле папярэдніх звестак, пацярпелых і разбурэнняў няма. На месцы надзвычайнага здарэння працуюць экстранныя службы. 

У сувязі з інцыдэнтам аэрапорты Дамадзедава, Унукава і Шарамецьева часова не прымалі і не адпраўлялі рэйсы. У Расавіяцыі паведамілі ТАСС, што з-за абмежаванняў палётаў у запасныя аэрапорты было перанакіравана 11 пасажырскіх рэйсаў. 

Што адбылося ў Пскове 

Аб нападзе на Пскоў паведаміў губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў. "Мінабароны ў Пскоўскім аэрапорце адбівае атаку беспілотнікаў. З пачатку інцыдэнту асабіста знаходжуся на месцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр няма. Маштаб разбурэнняў удакладняецца. Больш падрабязную інфармацыю дам пасля завяршэння аператыўнага штаба, які правяду асабіста", - паведаміў губернатар апоўначы ў сваім Telegram-канале. 

Пазней Вядзернікаў праінфармаваў, што ў аэрапорце Пскова адменены ўсе рэйсы на 30 жніўня.

Вядзернікаў таксама апублікаваў відэа з пскоўскага аэрапорта, які атакавалі беспілотнікі. На відэа губернатар заявіў, што ахвяр у выніку атакі няма. Пасля атакі БПЛА ў аэрапорце адбыўся пажар.

Між тым у ГУ МНС Расіі па Пскоўскай вобласці паведамілі, што ў выніку пажару ў аэрапорце загарэліся паветраныя судны ваенна-транспартнай авіяцыі Іл-76. Для ліквідацыі ўзгарання была задзейнічана 21 адзінка тэхнікі і 65 чалавек. 

Што паведамляецца пра атаку ў Севастопалі 

Узброеныя Сілы Украіны з дапамогай марскіх беспілотнікаў паспрабавалі атакаваць цэнтральную бухту Севастопаля.

"У раёне Севастопальскай бухты, паводле папярэдняй інфармацыі, сілы супрацьпадводна-дыверсійнага забеспячэння адбіваюць атакі варожых беспілотнікаў з мора. Усе сілы і службы знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасці", - праінфармаваў каля трох гадзін ночы губернатар горада Міхаіл Разважаеў. 

Пазней ён паведаміў, што работа ў акваторыі завершана.