Лайнер Flydubai: распячатаныя два самапісцы

21 марта 2016

Эксперты Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта працягваюць працаваць над расшыфроўкай чорных скрынь лайнера Flydubai, які разбіўся ў суботу. Распячатаныя два самапісцы, параметрычны - ён фіксуе тэхнічныя характарыстыкі палёту - не пацярпеў. Сярод асноўных версій трагедыі следчыя разглядаюць няспраўнасць руля вышыні і памылку пілота ў складаных метэаўмовах. Хоць кіраўніцтва авіякампаніі Flydubai паведамляе, што экіпаж меў вопыт пасадкі ў Растове-на-Доне, і камандзір экіпажа і памочнік у мінулым ужо прызямляліся ў расійскім аэрапорце. 

Нагадаем, Boeing-737, які ляцеў у ноч на суботу з Дубая, пры пасадцы ў Растове-на-Доне нечакана даў нахіл і стаў імкліва падаць. Усе 62 чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Абломкі паветранага судна ўжо прыбралі з узлётна-пасадачнай паласы. Аэрапорт Растова-на-Доне пачне працу сёння.