Надзвычайнае эканамічнае становішча аб'яўлена ў Францыі

11 декабря 2018

Заяву ўчора падчас тэлезвароту да нацыі ў адказ на маштабныя акцыі пратэсту зрабіў Эмануэль Макрон. Французскі лідар выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася, узяўшы долю адказнасці за тое, што адбылося, на сябе. Пры гэтым ён асудзіў беспарадкі на пратэстах "жоўтых камізэлек", адзначыўшы, што гнеў нацыі не апраўдвае насілле. Прапанаваў Макрон і пэўныя меры выйсця з сітуацыі, якіх ад яго так чакалі французскія грамадзяне.

Эмануэль Макрон, прэзідэнт Францыі: "Я даручаю ўраду і парламенту зрабіць усё неабходнае, каб людзі ўжо з наступнага года маглі жыць лепш на заробленыя імі грошы. Мінімальная зарплата будзе павялічаная на 100 еўра за месяц без якіх-небудзь выдаткаў для працадаўцаў. Больш працы - больш прыбытку. Плата за звышурочныя гадзіны не будзе абкладацца падаткам. Што датычыцца пенсіянераў, а гэта важная частка нашай нацыі, - для тых, хто зарабляе меней як 2000 еўра за месяц, мы адмяняем запланаванае павышэнне падатку. Гэтая мера была б занадта несправядлівай у дачыненні да іх".

Сярод іншых мер - выплата прадпрыемствамі гадавога бонуса супрацоўнікам і скасаванне так званага падатку на багацце. Урад Францыі падлічыў, што прапановы Макрона абыдуцца дзяржаве ў 8-10 мільярдаў еўра. Французы пасля выступлення прэзідэнта падзяліліся на два лагеры, большасць засталіся задаволенымі - пра гэта гавораць звесткі апытання. У прыватнасці, памяншэнне падаткаў падтрымліваюць больш за 70 працэнтаў рэспандэнтаў. Але актывісты "жоўтых камізэлек" і прадстаўнікі прафсаюзаў ізноў заклікаюць да ўсеагульнай мабілізацыі, пагражаючы чарговымі пратэстамі ў суботу.