65-ы франкфурцкі аўтасалон адкрыюць для гледачоў толькі ў суботу

12 сентября 2013

65-ы франкфурцкі аўтасалон адкрыюць для гледачоў толькі ў суботу. Але ўсе тыя, хто прагне хуткасці, імкнуцца не прапусціць ніводнага рэпартажа з Германіі. Прэса разам з VIP-гасцямі ўжо ўбачыла экспазіцыю.


Пра тое, як выглядаюць самыя прэстыжныя на сёння Bugatti, Ferrari і Lamborghini, - у сюжэце Аляксандры Пінчук. Кампанія Ferrari прыехала ў Франкфурт з новай мадэллю 458 Speciale. Суперкар атрымаў мадэрнізаваны рухавік V8, аб'ёмам 4,5 літра і зараз развівае 605 конскіх сіл. Апошняе дасягненне легендарнага італьянскага брэнда ўвасабляе ў сабе філасофію Ferrari аб экстрэмальных інавацыях, унікальнай аэрадынаміцы і тэхналагічнасці атмасферных рухавікоў. Да ста кіламетраў за гадзіну навінка разганяецца ўсяго за тры секунды.


Lamborghini прадставілі развітальную версію сваёй самай паспяховай мадэлі - Gallardo Squadra Corse. Па сутнасці гэта гоначны аўтамабіль, падрыхтаваны для эксплуатацыі на дарогах агульнага карыстання. Навінка абсталяваная карбона-керамічнымі тармазнымі механізмамі. Рухавік V10 выдае 570 конскіх сіл і працуе ў тандэме з рабатызаванай 6-ступеньчатай каробкай перадач, кіраванне якой магчыма як у аўтаматычным рэжыме, так і з дапамогай падрулявых пераключальнікаў.


Парадуе гледачоў і кампанія Bugatti. Навінка аўтафірмы вось ужо некалькі месяцаў хвалюе паклоннікаў мадэльнага рада. У Франкфурце паказалі машыну пад назвай Veyron Grand Sport Vitesse. Яна сканструявана ў памяць аб Жане Бугаці, які заснаваў саму кампанію.


Не адстае і Поршэ. Кампанія прывезла ў Франкфурт суперкар 918 Spyder. Магутнасць яго сілавой устаноўкі 887 конскіх сіл плюс два электраматоры. Годны адказ тым, хто сумняваўся ў тым, што гібрыды могуць быць сапраўднымі ракетамі.