53-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы адкрываецца заўтра

16 февраля 2017

Сірыйскае пытанне стане адной з цэнтральных тэм на 53-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Трохдзённы форум адкрываецца заўтра. Удзел у ім возьмуць больш за 500 палітыкаў і экспертаў з усяго свету. У спісе абмеркавання таксама сітуацыя на ўсходзе Украіны, процідзеянне міжнароднаму тэрарызму і міграцыйны крызіс у Еўропе.

А ў Боне сёння сустракаюцца міністры замежных спраў краін "Вялікай дваццаткі". Галоўная мэта саміту - узгадненне пазіцый і падрыхтоўка да саміту G20, які адбудзецца ў Гамбургу ў ліпені. Будуць абмяркоўвацца таксама пытанні свабоднага міжнароднага гандлю, а таксама барацьба з "Ісламскай дзяржавай", міграцыйны крызіс і ахова навакольнага асяроддзя. Сустрэчу ў Боне будуць суправаджаць дэманстрацыі антыглабалістаў, таму яшчэ напярэдадні ў горадзе былі ўзмоцненыя меры бяспекі.