257 за і 50 супраць

14 апреля 2016

257 за і 50 супраць - Вярхоўная рада Украіны зацвердзіла адстаўку прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка і падтрымала кандыдатуру Уладзіміра Гройсмана на пасаду кіраўніка ўрада. Галасаванне павінна было адбыцца яшчэ ў аўторак, але Гройсман (гавораць у кулуарах Рады) да апошняга гандляваўся з прадстаўнікамі кіруючай кааліцыі наконт размеркавання міністэрскіх партфеляў у новым Кабміне. Хто ў выніку атрымаў пасады ва ўрадзе і ці варта ўкраінцам чакаць змяненняў у палітыцы дзяржавы, разбіраўся Юрый Казлоў.

Як правіла, змена прэм'ера - гучная падзея для ўсёй Украіны. У кіраўніка ўрада даволі шырокія паўнамоцтвы, і ў гісторыі краіны нярэдка былі выпадкі зацяжнога супрацьстаяння паміж кіраўніком Кабміна і прэзідэнтам. Апошні раз такія супярэчнасці ўзніклі амаль паўгода таму. Спачатку кіраўнік Адэскай аблдзяржадміністрацыі Міхаіл Саакашвілі абвінаваціў членаў кабінета Арсенія Яцанюка і самога прэм'ера ў стварэнні шэрых схем, пазней нездаволенасць работай урада выказаў прэзідэнт краіны.

Зрэшты, сёння Рада праводзіла былога прэм'ер-міністра апладысментамі, а паплечнікі па фракцыі скандзіравалі "Малайчына!". Адназначна ацаніць ролю Яцанюка на высокай пасадзе зараз складана. З аднаго боку, абяцанні, дадзеныя гэтым палітыкам з трыбуны Майдана, не выкананыя - узровень жыцця ў краіне не расце, асацыяцыя з ЕС застопарылася, рэформы прабуксоўваюць. З другога боку, Украіна, якая аказалася два гады таму з пустой казной і канфліктам на ўсходзе, здолела прыцягнуць замежнае фінансаванне і пакуль спраўна плаціць па даўгах.

Арсеній Яцанюк, экс-прэм'ер-міністр Украіны: "Я хачу адзначыць, што мы разам зрабілі шмат для нашай краіны і нашага народа. Але нам трэба рухацца наперад. Я прашу прыняць маю адстаўку. Наперадзе нас чакаюць вялікія справы і вялікія здзяйсненні. Дзякуй!"

На пытанне "Чаго чакаць ад Уладзіміра Гройсмана?" украінскія аналітыкі адказваюць - нічога новага. У першым выступленні новы прэм'ер-міністр заявіў, што курс краіны мяняцца не будзе, а праблемы, якія стаяць перад Украінай, даўно ўсім вядомыя.

Уладзімір Гройсман, прэм'ер-міністр Украіны: "Мы павінны вярнуць давер людзей, і зрабіць усё для таго, каб нам не сорамна было глядзець людзям у вочы. Я ўсведамляю пагрозы, што стаяць перад намі. Хацеў бы падкрэсліць тры з іх. Гэта карупцыя, неэфектыўнасць дзяржкіравання і папулізм".

Эксперты падкрэсліваюць яшчэ адзін момант: Гройсман - чалавек Парашэнкі, таму пра супрацьстаянне ў вышэйшых эшалонах улады пакуль можна забыць. Ці надоўга - іншае пытанне.

Сёння ж ва Украіне быў сфарміраваны новы Кабмін. Свае пасады захавалі сем міністраў, сярод іх кіраўнік Мінабароны Сцяпан Палтарак, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Павел Клімкін і кіраўнік МУС Арсен Авакаў. Месца міністра аховы здароўя засталося вакантным. Рада падтрымала прызначэнне першым віцэ-прэм'ерам Сцяпана Кубіва. Спікерам парламента стаў Андрэй Парубій - былы камендант Еврамайдана. Таксама ў краіне з'явілася новае ведамства - Міністэрства па справах акупіраваных тэрыторый.

Пётр Парашэнка, Прэзідэнт Украіны: "Новы ўрад, як і папярэдні, будзе праводзіць курс на еўрапейскую інтэграцыю Украіны. Ні адна літара не зменіцца ў дакументах, якія вызначаюць асноўныя палажэнні нашай знешняй і ўнутранай палітыкі. З'яўленне ў структуры ўрада віцэ-прэм'ера, які адказвае за еўрапейскую і еўраатлантычную інтэграцыю, - гэта не сімвалічны жэст, а практычны крок да таго, каб усе рашэнні ўрада прыводзіліся да адной еўрапейскай роўніцы".

Стварэнне новага ўрада ва Украіне вітаў афіцыйны Брусель. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні заклікала Кіеў больш актыўна праводзіць рэформы і выказала надзею, што сённяшнія прызначэнні дадуць новы штуршок укараненню мінскіх пагадненняў.