Выстава ў Маскве "Мяч круглы. Поле роўнае" распавядае пра гісторыю футбола

4 июня 2018

Сёння футбол - самы папулярны і масавы від спорту. Увага ўсяго свету праз два тыдні будзе прыкавана да падзей на стадыёнах у Расіі. Пра гісторыю гэтай гульні ў Маскве распавядае выстава "Мяч круглы. Поле роўнае".

Расказвае Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Яшчэ паўгода таму пра футбол фатограф Крысціна Раманава ведала, што мяч круглы, а поле роўнае. Цікавасць да гэтай гульні з'явілася пасля таго, як Расія ўпершыню ў сваёй гісторыі стала краінай - гаспадыняй ЧС па футболе. Так нарадзілася ідэя арганізаваць выставу, дзе любы ахвотнік можа даведацца самыя цікавыя факты гісторыі расійскага футбола.

У пачатку ХХ стагоддзя футбол у Расіі настолькі папулярны, што гульня выходзіць за рамкі стадыёнаў. У 30-х гадах на сцэне Вялікага тэатра ставяць балет "Футбаліст". А з часам гульня становіцца адной з любімых тэм савецкіх кінарэжысёраў і мультыплікатараў.

Ніна Гаміяшвілі, куратар выставы: "Гэта арыгіналы эскізаў да мультфільма "Футбольныя зоркі" 1974 года. Мультыплікатар Цёшкін. Яны ўвесь гэты час, з 1974, пыліліся ў архівах і чакалі, пакуль мы іх не выцягнем".

Адзін з самых незвычайных раздзелаў выставы - экспазіцыя "Каманда мары". На імправізаваным футбольным полі размясцілі 11 гіпсавых фігур самых вядомых савецкіх футбалістаў. Гэта легендарны варатар Леў Яшын. Уладальнік Залатога мяча дынамавец Алег Блохін. І лепшы бамбардзір за ўсю гісторыю маскоўскага "Спартака" Мікіта Сіманян. У такім складзе зборная на поле ніколі не выходзіла.

Пра жыццё і перамогі кожнага з 11 футбалістаў распавядзе спецыяльны аўдыязапіс. А вось легендарныя выказванні савецкіх каментатараў, якія ўжо даўно сталі крылатымі, можна прачытаць на сценах выставы.

Выстава - гэта яшчэ і гісторыя фанацкага руху, які, як гаворыць легенда, зарадзіўся ў Расіі ў 1972 годзе, калі на стадыён упершыню прыйшоў чалавек з шалікам "Спартак". Сёння найболей заўзятыя прыхільнікі футбола гатовыя прысвяціць любімаму клубу нават часцінку ўласнага цела.

Крысціна Раманава, куратар выставы: "Перад намі гісторыя татуіровак, практычна нацельны жывапіс, дзе прадстаўленыя розныя клубы, гэта і "Тарпеда", і ЦСК, і "Лакаматыў".

І як завяршэнне выставы - фотапраект "Юныя футбалісты". Магчыма, у будучыні адзін з гэтых юных гульцоў стане зоркай сусветнага футбола.