У Палацы гімнастыкі адбылося першае паказальнае выступленне беларускіх грацый

6 марта 2018

Знакавая і доўгачаканая падзея для ўсёй спартыўнай супольнасці - сёння ў Мінску Кіраўнік дзяржавы ўрачыста адкрыў Палац гімнастыкі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі варты ўкладзеных у яго грошай. У цырымоніі таксама прынялі ўдзел кіраўнік Еўрапейскага саюза гімнастыкі і знакамітыя атлеты. Прэзідэнт разам з алімпійскімі чэмпіёнкамі - беларускай Марынай Лобач і расіянкай Алінай Кабаевай, а таксама са старшынёй Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Аленай Скрыпель і мэрам Мінска Андрэем Шорцам перарэзалі стужку ў фае палаца.

Сімвалічны ключ ад Рэспубліканскага цэнтра быў перададзены членам нацыянальнай каманды Беларусі. Мастацкая гімнастыка - адзін з самых развітых і медальных відаў спорту для нашай краіны. Этапы Кубка свету праводзяцца ў Беларусі паўтара дзясятка гадоў, але спецыялізаванай пляцоўкі для спаборніцтваў і трэніровак да гэтага дня не было. Рашэнне аб будаўніцтве комплексу прыняў Прэзідэнт. Актыўныя работы пачаліся паўтара года таму. Сёння Аляксандр Лукашэнка дэталёва азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі новага цэнтра. Агледзеў залы для заняткаў груп пачатковай падрыхтоўкі, залы харэаграфіі, трэніровачную і трэнажорную, а таксама пакой адпачынку для спартсменак і басейн з аднаўленчым цэнтрам. У Палацы могуць займацца адначасова да 200 спартсменаў. Гэтая сучасная пляцоўка будзе і адным з цэнтральных аб'ектаў II Еўрагульняў, якія пройдуць у Беларусі ў наступным годзе. Прэзідэнт адзначыў, што гэты комплекс стаў падарункам для прадстаўніц гэтага віду спорту да 8 Сакавіка.

Сёння ў Палацы гімнастыкі адбылося і першае паказальнае выступленне беларускіх грацый. А пасля мерапрыемства спартсменкі падарылі Кіраўніку дзяржавы карціну "Мары здзяйсняюцца!". Яна была створана падчас выканання аднаго з нумароў пры дапамозе залатога пылу. На палатне паказаны новы спартыўны комплекс.