Поспех Пятра Асаёнка на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы

9 апреля 2021
Прыемныя навіны прыйшлі з расійскай сталіцы, дзе працягваецца чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. Скарбонка зборнай Беларусі папоўнілася сёння яшчэ дзвюма ўзнагародамі - адной малой і адной вялікай.

Пётр Асаёнок, які выступае ў вагавай катэгорыі да 96 кілаграмаў, спачатку выйграў малое серабро ў практыкаванні рывок. Беларус узяў вагу 172 кілаграмы, і такі вынік быў добрай заяўкай ужо на вялікі медаль. У другім практыкаванні нашаму штангісту ўдалося выштурхнуць 202 кілаграмы. У суме дваябор'я вынік Пятра Асаёнка 374 кілаграмы - і гэта сярэбраны медаль чэмпіянату Еўропы. 

Зараз у скарбонцы беларускай зборнай 4 медалі. Раней па адной малой бронзе дасталася Генадзю Лапцеву і Дар'і Навумавай. Заўтра на чэмпіянаце Еўропы перадапошні дзень спаборніцтваў, у рамках якога будуць разгуляныя тры камплекты ўзнагарод.