Адразу тры медалі! Бронза, срэбра і золата ў зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ

25 мая 2019

І пачнём з медальных навін. Тым больш, іх сёння адразу тры! Бронза, срэбра і золата ў зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ на першым у сезоне этапе Кубка свету ў польскай Познані.

Вышэйшую ўзнагароду камандзе прынеслі Вольга Худэнка і Марына Ліцвінчук у заездзе байдарак-двоек на 500 метраў. Нашы дзяўчыны амаль на дзве секунды апярэдзілі апанентак з Бельгіі. Давайце паглядзім, якім упэўненым атрымаўся фініш. 

Вольга Худэнка, пераможца этапа Кубка свету - 2019 па веславанні на байдарках і каноэ: "Гэта было нялёгка абсалютна. Былі складаныя пагодныя ўмовы. Моцны вецер перашкаджаў, хоць хуткасць паказалі нядрэнную. Нам давялося добра папрацаваць на дыстанцыі. Але такі вынік не можа не радаваць. Мы шчаслівыя".
Залаты медаль стаў працягам не менш удалага пачатку. 

Узнагароду ў скарбонку беларускай каманды прынёс і Алег Юрэня. Ён стаў другім на дыстанцыі 1000 метраў на байдарцы. У заездзе каноэ на 200 метраў на трэцюю прыступку п'едэстала падняўся Арцём Козыр. 

Заўтра этап Кубка свету працягнецца. Прамую трансляцыю з Познані будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак у 12:30. Адзначым, на этапе Кубка свету беларусы правяраюць свае сілы перад II Еўрапейскімі гульнямі. На вяслярным канале ў Заслаўі 350 спартсменаў разыграюць 16 камплектаў узнагарод.