Спаборніцтвы па міні-гонках сабралі каля паўсотні аматараў у цэнтры "Сілічы"

20 сентября 2016

Драйв, хуткасць і пах гарэлай гумы. Усё гэта адчулі на сабе пілоты картаў. Спаборніцтвы па міні-гонках сабралі каля паўсотні аматараў у гарналыжным цэнтры "Сілічы". Сярод прадстаўнікоў моцнага полу вылучаліся і гоншчыцы-прыгажуні. Дарэчы, апошнія стараліся ні ў чым не саступаць канкурэнтам-мужчынам на трасе. Расказвае Аляксандр Харавец.

Прагрэў рухавіка - і чарговы пілот адпраўляецца на трасу. Падчас пробных заездаў гоншчыкі знаёмяцца не толькі з віражамі, правяраюць і спрытнасць жалезных сяброў, пад капотам якіх усяго дзевяць коней. Аднак гэтага дастаткова, каб выплюхнуць адрэналін, сцвярджаюць удзельнікі.

Працягласць трасы - 400 метраў. Тут 6 крутых паваротаў. Адзін заезд доўжыцца 5 хвілін. За гэты час пілоты праязджаюць каля 10 кругоў. І на прамых адрэзках разганяюць карты да 70 кіламетраў за гадзіну.

Сёлета паспаборнічаць за месца на п'едэстале ў Сілічы прыехалі амаль паўсотні гоншчыкаў. Усе аматары. Аднак і непрафесіяналы дэманстравалі сапраўдны клас на трасе.

Каб адчуць хуткасць і драйв і прадэманстраваць, што міні-балідам з лёгкасцю можа кіраваць жанчына, на трасу выйшла і Ліза Корзіна. За рулём карта дзяўчына усяго паўгода, аднак не ўсе могуць дагнаць яе.

Турнір хаця і аматарскі, аднак фізічная нагрузка сур'ёзная, прызнаюцца ўдзельнікі. Так што без пэўнай падрыхтоўкі садзіцца за руль небяспечна.

Месца на п'едэстале традыцыйна раздзялілі тры лепшыя гоншчыкі. Аднак галоўнае, па што яны прыехалі на турнір, - адрэналін. І гэтага гармону ўсім хапіла ўдосталь. У наступным годзе спаборніцтва збярэ яшчэ большую колькасць удзельнікаў і стане традыцыйным, абяцаюць арганізатары.