Сенсацыя ў беларускім гандболе

17 июня 2013

Зборная Беларусі ў вырашальным матчы абыграла аднаго з сусветных лідараў - зборную Славеніі. У выніку наша каманда выступіць на чэмпіянаце Еўропы ў Даніі.


Наш карэспандэнт Андрэй Іваноў сустракаў гульцоў у аэрапорце.


На тварах гульцоў зборнай лёгкая разгубленасць, у Любляне напярэдадні яны выглядалі больш упэўнена. Чаго вартая перамога над Славеніяй (для даведкі - чацвёртай камандай свету), лепш за іншых ведае ўрач беларускай зборнай. Амаль палова гуляла, як гавораць у спорце, на ўколах.


Лідар і капітан Сяргей Рутэнка каля двух тыдняў таму ў фінале Лігі чэмпіёнаў пашкодзіў крыж. Але ён знайшоў у сабе сілы, каб выйсці на паркет і павесці за сабой гульцоў. Зрэшты, гэта быў той выпадак, калі ўсе згулялі дзеля адной мэты!


Яшчэ некалькі гадоў таму ў тое, што гэтая зборная будзе пастаянным удзельнікам топ-турніраў, верыў толькі Юрый Шаўцоў, галоўны трэнер.


Канец ХХ - пачатак ХХІ стагоддзя для беларускага гандбола быў смутным часам. У 1994-м зборная прабілася на чэмпіянат Еўропы, у 1995-м на чэмпіянат свету… і ўсё. Далей было 13 гадоў зацішша і нявызначанасці. Толькі ў 2008-м выйшлі на кантынентальны форум, але тады гэта было ўспрынята як выпадковасць. І толькі з прыходам на трэнерскі мосцік алімпійскага чэмпіёна Юрыя Шаўцова ўдзел нашай каманды ў буйных турнірах ужо бачыцца заканамернасцю.


Фінальная стадыя чэмпіянату Еўропы пройдзе ў студзені 2014 года ў Даніі.