Рубрыка "Матчбол"

21 марта 2016

Мінчанка Вікторыя Азаранка дабіваецца доўгачаканай перамогі над першай ракеткай свету Серэнай Уільямс і перамагае на другім турніры ў годзе. Гэтая перамога стала самай знакавай у беларускім спорце на мінулым тыдні. Але пачнём "Матчбол" з падзей у нацыянальным хакейным першынстве і розыгрышу футбольнага кубка Беларусі.

У беларускім хакеі надыходзіць час самых цікавых, напружаных і эмацыянальна цяжкіх для хакеістаў матчаў. Напярэдадні сталі вядомыя фіналісты Кубка Прэзідэнта. За тытул будуць змагацца мінскае «Юнацтва» і салігорскі «Шахцёр».

Але па напружанні барацьбы паўфінал, у якім гулялі "Юнацтва" і гродзенскі «Нёман», годны і фінальнага супрацьстаяння. У гэтай пары было ўсё: канфлікты паміж галоўнымі трэнерамі каманд, прынцыповае супрацьстаянне не толькі хакеістаў, але і балельшчыкаў. Увогуле і гучнай навіной стала тое, што канадскі форвард "Юнацтва" Даніэль Корса з-за фінансавага рознагалосся перастаў выходзіць на лёд. Тым не менш, яго да матчаў фінала чакаюць. Але як будуць вырашаць гэтае меркантыльнае пытанне?

Апошні матч паміж "Нёманам" і "Юнацтвам", які прымаў лёд "Чыжоўка-Арэны", быў вырашальным для гродзенскай каманды. Мінчане да таго моманту вялі ў серыі 3:1. Клубы згулялі да авертайма, і вось ўжо там пераможны кідок нанёс Аляксей Яфіменка.

Першы матч "Юнацтва" і "Шахцёра" запланаваны на 25 сакавіка.

Пасля розыгрышу Суперкубка Беларусі па футболе на беларускіх футбольных палях клубы прадоўжылі барацьбу за кубак. У трох гарадах у мінулы ўік-энд адбыліся чатыры матчы.

Адкрывалі стадыю 1/4 фіналу гульцы "Мінска" і "Шахцёра". У міжсезонні галоўны трэнер мінчан Георгій Кандрацьеў быў заняты стварэннем маладой каманды. І з гэтым, як аказалася, справіўся на выдатна.

«Мінск» правёў добры матч. А галы Леаніда Ковеля і з пенальці Аляксандра Сачыўкі робяць каманду фаварытам перад адказнай сустрэчай.

Футбольны клуб "Слуцк" доўга трымаўся ў гасцях з БАТЭ, але ў дабаўлены час саступіў, 0:1. Мінскае «Дынама» з такім жа лікам перайграла жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ». "Нафтан" і "Белшына" пераможца не выявілі, 1:1. Матчы чвэрцьфіналу ў адказ запланаваны на 6 красавіка.

І на прыканцы "Матчбола" прыемныя кадры з кортаў амерыканскага Індыян-Уэлса.

Вікторыя Азаранка зноў у дзясятцы лепшых тэнісістак планеты. У фінале турніру беларуска абгуляла саму Серэну Уільямс. Для нашай тэнісісткі год пакуль складваецца добра. І што самае важнае - Азаранка ўзнімаецца на вяршыню сусветнага рэйтынгу ў год летніх Алімпійскіх гульняў.