Рубрыка Матчбол

7 апреля 2014

Клубны хакей саступае месца хакею з удзелам нацыянальных зборных. Мінскае Дынама ў Кантынентальнай хакейнай лізе дайшло да фіналу Кубка Надзеі. Нагадаем, што ў гэтым турніры прымаюць удзел каманды, у якіх не атрымалася выйсці ў плэй-оф КХЛ. На мінулым тыдні беларускія хакеісты завяршылі свой шосты сезон. І ў найбліжэйшы час уся ўвага - нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі. Амаль праз месяц у Мінску адбудзецца чэмпіянат свету. Больш падрабязна ў рубрыцы Матчбол.


Расказвае Андрэй Казлоў: Шосты сезон у гісторыі выступлення мінскага Дынама ў Кантынентальнай хакейнай лізе завершаны. Спачатку зубры не выйшлі ў плэй-оф Кубка Гагарына, нават шанцы былі страчаны задоўга да канца рэгулярнага чэмпіянату. Пасля мінчане дайшлі да фіналу суцяшальнага турніру - Кубка Надзеі. Але ж омскі Авангард перамог у трох матчах і заваяваў трафей.


Сезон у Дынама не выдатны, але трэба адзначыць тое, што ў камандзе іграюць амаль толькі беларускія хакеісты. Многія на працягу сезона выраслі ў сваім майстэрстве, і гэта не можа не даць надзею на будучыню. Але ў спорце, безумоўна, галоўнае - станоўчы вынік у выглядзе лічбаў на табло.


Лепшыя беларускія хакеісты з'язджаюцца ў Мінск. Усё ж дома лепш, чым у іншых краінах. Тут і прычына вельмі прыемная - хуткі старт хатняга чэмпіянату свету па хакеі.


Настрой каманды дае падставы думаць, што правалу на чэмпіянаце свету ў Мінску не адбудзецца. Мы ж памятаем, што на папярэдніх планетарных форумах беларусы займалі месца далёкае ад станоўчага. Хакеісты пра гэта памятаюць яшчэ лепей.


Да 8 красавіка гульцы зборнай Беларусі будуць трэніравацца на лёдзе Мінск-Арэны. Галоўны трэнер Глен Хэнлан у найбліжэйшы час будзе больш увагі надаваць фізічнаму стану хакеістаў нацыянальнай каманды. А пасля праз спарынгі зборная будзе наладжваць гульнявыя сувязі. Па два матчы беларусы правядуць супраць Нарвегіі і Швейцарыі і тры разы згуляюць супраць Даніі. Чэмпіянат свету ў Мінску стартуе 9 мая.


Барысаўскі БАТЭ пасля жудаснага для сябе матча ў Салігорску дамогся перамогі на дамашнім стадыёне. Мінімальную вікторыю барысаўчанам прынёс гол Ягора Філіпенкі.


Яшчэ ў адным адметным матчы 2-га тура мінскае Дынама прымала на сталічным стадыёне Трактар футбалістаў гродзенскага Нёмана. Тут усё вырашыў адзіны гол Сяргея Паліцэвіча.


Чэмпіянат Беларусі па футболе ў гэтым сезоне абяцае быць цікавым. Інтрыга ў чэмпіёнскай гонцы абвастрылася як ніколі. БАТЭ з цяжкасцю распачынае гэты год. І хтосьці, верагодна, замахнецца на першае месца.