Свята здаровага ладу жыцця і спорту. Сёння ў сталіцы пройдзе "Мінская лыжня"

9 февраля 2019

Вялікае свята здаровага ладу жыцця і спорту разгорнецца сёння ў сталіцы. На лыжаролернай трасе ў Вяснянцы пройдзе традыцыйная "Мінская лыжня".

Да пачатку засталося менш за дзве гадзіны - старт першай гонкі роўна ў 11:00. Гэта ўнікальныя спаборніцтвы, дзе побач з вышэйшымі службовымі асобамі ўдзельнічаюць аматары спорту. На дыстанцыі будзе па-алімпійскаму горача. Бо старт у гэтым сезоне пройдзе ў новым фармаце. Гэтым разам на сталічнай лыжаролернай трасе ўпершыню гледачы змогуць убачыць біятлон. У Вяснянцы ўсталявалі разборнае стрэльбішча. На трасе ўдзельнікі будуць бегчы без вінтоўкі. Аднак прайсці дзве агнявыя мяжы пад наглядам інструктараў прыйдзецца ўсім.

Запасных патронаў не прадугледжана. За промах - штрафны круг 50 метраў. Пасля завяршэння біятлоннай эстафеты пройдуць лыжныя. А затым адбудуцца масавыя старты для ўсіх ахвотнікаў.

Ні адзін спартсмен-аматар, які прыняў удзел у эстафеце, не пойдзе з пустымі рукамі, усе атрымаюць памятныя медалі. Для гледачоў арганізатары падрыхтавалі актыўныя зоны і культурна-забаўную праграму, а таксама будуць працаваць пункты грамадскага харчавання. Чакаецца, што на свяце збярэцца каля трох тысяч чалавек. Таму ДАІ горада раіць гасцям і ўдзельнікам спаборніцтваў па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту на карысць грамадскага.