"Полымя міру" сваёй энергіяй напаўняе галоўныя вуліцы Мінска

18 июня 2019

Мінск сустракае "Полымя міру"! Сёння агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў распачаў сваё падарожжа  ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Факеланосцы, сярод якіх спартсмены-алімпійцы, артысты эстрады, культурныя дзеячы,  пранеслі "Полымя міру" па галоўным праспекце сталіцы - Незалежнасці, да Кастрычніцкай плошчы. За эстафетай з самай раніцы сочыць наш карэспандэнт Юлія Токар, эмоцыі ўдзельнікаў - у яе рэпартажы.

Полымя, якое натхняе тысячы сэрцаў біцца ва ўнісон, - сёння ў Мінску. Ля Нацыянальнай бібліятэкі разгарнулася вялікае свята  з нагоды старту эстафеты ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ахоўнікаў агню і факеланосцаў сустракалі вакалісты, артысты Вялікага тэатра і юныя балерыны. Відовішчны перформанс  стаў прэлюдыяй  да запальвання факела ў руках алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне  Надзеі Скардзіны.  

І адразу эстафету на праспекце Незалежнасці падхоплівае спявак Дзмітрый Калдун, а за ім - алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ганна Гуськова. На дыстанцыю выйшаў і выканаўчы дырэктар ІІ Еўрапейскіх гульняў  Сайман Клег.

Вось так паступова "Полымя міру" сваёй энергіяй напаўняе галоўныя вуліцы Мінска. Самі жыхары ахвотна дзеляцца эмоцыямі і з нецярпеннем чакаюць старт кантынентальных гульняў. 

Хтосьці паспявае зрабіць памятнае фота з легендамі спорту - алімпійскую чэмпіёнку 1972 года па гімнастыцы Антаніну Кошаль не адпускалі яшчэ доўга. А хтосьці ўпершыню ўбачыць сапраўднага касманаўта. Алег Навіцкі таксама сярод факеланосцаў.

Сёння на некалькі гадзін праспект Незалежнасці стаў пешаходным. Па ім курсіруе "Полымя міру". Спартсмены і артысты сусветнага ўзроўню перадаюць агонь перамог з рук у рукі, запальваючы.

Фініш - на Кастрычніцкай плошчы. А затым "Полымя міру" чакаем на Макаёнка, 9. Да эстафеты далучацца вядучыя Белтэлерадыёкампаніі. Факел апынецца і ў самай вялікай тэлестудыі.