На "Чыжоўка-Арэне" дзюдаісты сёння разыгрываюць узнагароды ў пяці вагавых катэгорыях

24 июня 2019

Мы прывыклі да таго, што галоўны від спорту на "Чыжоўка-Арэне" - хакей. Але вось ужо трэці дзень на адной з галоўных спартыўных пляцовак краіны спаборнічаюць дзюдаісты. У нашых пакуль не клеіцца.

Сёння ў надзеі прынесці поспех гаспадарам на "Чыжоўку" адправіўся наш Павел Капуцкі (прамое ўключэнне). Першыя два дні атрымаліся для нашай каманды безмедальнымі, але сёння ўзнагароды разыгрываюцца адразу ў пяці вагавых катэгорыях. Гаспадары прадстаўлены ў чатырох. І зразумела, чаму ў дзюдаістаў няма таго россыпу ўзнагарод, што ў тых жа самбістаў. У алімпійскім відзе канкурэнцыя больш жорсткая. Але і тут у нас ёсць выдатныя традыцыі. Ігар Макараў стаў чэмпіёнам Гульняў у Афінах 15 гадоў таму.

Сёння ў вагавой катэгорыі больш за 78 кілаграмаў спадзяёмся на чэмпіёнку Еўропы Марыну Слуцкую. У вазе да 90 кілаграмаў у мужчын выступяць Ягор Варапаеў і Віктар Кляўсаў. У катэгорыі да 100 - Мікіта Свірыд і Даніэль Мукетэ. Звыш 100 - Аляксандр Вахавяк і Уладзіслаў Цярпіцкі. Папярэднія сутычкі пачаліся ў 10:30. Завяршэнне спаборніцкай праграмы ў пачатку сёмай вечара. У наступным уключэнні праз тры гадзіны дакладнасці будзе больш. Дадам, у Мінск прыехалі 4 алімпійскія чэмпіёны, 8 чэмпіёнаў свету і больш за 20 чэмпіёнаў Еўропы.