Галоўны матч дня - Беларусь - Фінляндыя

15 мая 2014

Беларускія хакейныя балельшчыкі зноў рыхтуюцца да рэкорду наведвальнасці. Сёння на Мінск-Арэне адбудзецца галоўны матч дня. Наша зборная гуляе з фінамі. Пачатак сустрэчы ў 20:40. Статуc галоўнага фаварыта чэмпіянату свету ў Мінску ад матча да матча пацвярджаюць расіяне. Напярэдадні дасталася Казахстану.


Як гэта было і ўсе вынікі шостага гульнявога дня падводзіць Андрэй Казлоў. Пра расійскіх балельшчыкаў ходзяць легенды. Дзесьці прыдумваюць, ну а дзесьці, верагодна, гавораць праўду. Што да чэмпіянату свету ў Мінску, то вялізная група падтрымкі з Расіі пакуль трымаецца на зайздрасць іншым. Мінск-Арэна, калі матчы праводзяць расіяне, заўсёды афарбаваная ў трыкалор.


Расійская зборная на гэтым турніры пакуль ідзе без асечак. Балельшчыкі гавораць, што гэта іх заслуга.


Учора на Мінск-Арэне расіяне абгулялі Казахстан, 7-2. І кожная шайба была зноў сустрэтая, як пераможная. Відаць, што пасля няўдалай Алімпіяды ў Сочы расіяне засумавалі па такіх эмоцыях.


З Расіі на мінскі чэмпіянат свету едуць сем'ямі. Галоўны кумір расійскіх балельшчыкаў - гэта Аляксандр Авечкін. Майкі з прозвішчам форварда Вашынгтона і аднаклубніка Міхаіла Грабоўскага на вочы трапляюцца пастаянна.


Сам жа форвард зборнай Расіі негаваркі нават пасля станоўчых для яго каманды вынікаў. Гавораць у гэтай камандзе іншыя.


У групе B сустракаліся і іншыя праціўнікі беларусаў. Швейцарыя абгуляла Германію 3:2, і ўпершыню перамагла пасля трох паражэнняў на чэмпіянаце свету.


Чэхі атрымалі першую чыстую перамогу. У вароты зборнай Італіі яны закінулі дзве шайбы. Адну з іх Ярамір Ягр. У іншым матчы групы A Нарвегія саступіла Славакіі.


Сёння, у сёмы дзень чэмпіянату свету, на Чыжоўка-Арэне згуляюць канадцы з датчанамі і шведы з французамі. Але галоўны для нас матч дня адбудзецца на Мінск-Арэне пасля паядынку зборных ЗША і Латвіі. Беларусы сустрэнуцца з фінамі.