Гандлёвая сетка "Еўраопт" адкрыла магазін дробнага аптовага гандлю

24 февраля 2016

Новыя магчымасці для развіцця малога бізнесу даў найбуйнейшы беларускі рэтэйлер. Гандлёвая сетка "Еўраопт" адкрыла магазін дробнага аптовага гандлю на плошчах гіпермаркета "Еўраопт. Сухарава" ў Мінску.

У кампаніі ўпэўненыя, што плюсы такога шопінгу па праве ацэняць пакупнікі.

Больш падрабязна Вольга Анішчанка.

Дробнааптовы сэрвіс ад "Еўраопта" нагадвае вядомы міжнародны брэнд - магзіны фармату Кэш энд Кэры. Пакупнік можа выбраць тавар як у рознічным варыянце, так і апусціць у цялежку аптовую партыю. А прадавец зніжае кошт у залежнасці ад аб'ёму пакупкі. Чым цяжэйшы кошык, тым больш прывабны кошт.

Асартымент дробнааптовага гандлю ў гэтым магазіне - гэта тысячы таварных пазіцый. Прычым, прапанова рэтэйлера не абмяжоўваецца толькі харчаваннем. Тут і прамысловая група тавараў, і бытавая хімія. Пакупнік, выбіраючы дробны опт, у выніку эканоміць значна, абяцае кіраўнік кампаніі.

Цэны вельмі адрозніваюцца ад цэнаў у звычайных магазінах сеткі пры адзінкавых пакупках.

Прапанова "Еўраопта" ў сённяшніх эканамічных умовах выгадная і для фізічных асоб, якія гатовыя і ўмеюць эканоміць, і для прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць тавары ў павільёнах і крамах у малых гарадах і сельскіх населеных пунктах краіны. У кампаніі перакананыя, што новая прапанова будзе толькі спрыяць развіццю рознічнага гандлю ў рэгіёнах, павысіць канкурэнтаздольнасць прадстаўнікоў рэгіянальнага малога бізнесу.

Рэтэйлер разлічвае, што паслуга дробнааптовага гандлю будзе асабліва запатрабаваная ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Кампанія гарантуе тавар з усімі суправаджальнымі дакументамі, а таксама дае магчымасць зрабіць пакупкі, у тым ліку ў рэгіёнах, даступнымі для спажыўцоў, і пры гэтым забяспечыць бізнесу ў глыбінцы прымальны ўзровень даходу.