Вялікая перамога ў Цынцынаці

19 августа 2013
Вікторыя Азаранка ў фінальным матчы турніру серыі Masters трыўмфальна абгуляла першую ракетку свету Серэну Уільямс.

17-ы тытул на турнірах серыі ВТА. Другая перамога за сезон над каралевай амерыканскіх кортаў. Вікторыя Азаранка прадэманстравала, што знаходзіцца ў выдатнай форме - не толькі фізічнай, але і псіхалагічнай. У фінале турніру ў Цынцынаці беларуска ўступала падчас матча, але здолела пераламаць ход паядынку і перамагла саму Серэну Уільямс.

Андрэй Іваноў уважліва сачыў за супрацьстаяннем.

На грунтавых кортах Цэнтра тэніса сёння замест прывітанне гутарку пачынаюць са слова глядзела?.

Дыспазіцыя перад фінальным матчам прэстыжнага турніру ў Цынцынаці паміж Вікторыяй Азаранкай і Серэнай Уільямс была не на карысць беларускі. Спартсменкі да гэтага моманту правялі 14 матчаў, і ў 12 перамагала амерыканка.

Уласна, лік першага сэта, 2:6, шанцаў Вікторыі пакідаў не шмат. Уільямс пачала традыцыйна магутна, аддаўшы першае ачко ў трэцім гейме. Азаранцы прыйшлося здавольвацца толькі трыма выйгранымі розыгрышамі на прыёме.

Некалькі гадоў таму пасля такога ліку можна было б сканчаць паядынак, але беларуска навучылася трываць і выцягваць матчы на маральна-валявых.

Што можа Азаранка, стала зразумела ў 2 сэце. Беларуска чаплялася за кожны мяч, дадала актыўнасці і прымусіла Серэну памыляцца. У амерыканкі ў сваю чаргу пачаўся спад. Што гаварыць, калі пры ліку 2:4 гаспадыня кортаў, атрымаўшы патройны брэйк-поінт, не змагла давесці справу да лагічнага завяршэння. А Вікторыя змагла, 6:2.

Вікторыя Азаранка, другая ракетка свету: Выдатны матч. Я вельмі задаволеная тым, як выйграла яго. Сапраўдная бітва была. Барацьба не на жыццё, а на смерць. Я вельмі рада. Самае галоўнае - як я перанастроілася пасля першага сэта і здолела прыбавіць. Серэне нельга даваць шанцаў, таму што яна - фенаменальны гулец і абавязкова імі скарыстаецца.

Нервовым выдаўся і вырашальны сэт. Азаранка вяла 4:2, аднак Уільямс лік зраўняла. Далей былі ўзаемныя памылкі, тай-брэйк і выніковая перамога Вікторыі, 7:6.

Серэна Уільямс, першая ракетка свету: Вікторыя гуляла вельмі добра. У другім і трэцім сэтах яна дзейнічала па-сапраўднаму агрэсіўна, і гэта змяніла ход сустрэчы. Азаранка - выдатная тэнісістка. Наогул я - вялікая прыхільніца Вікторыі. Калі не ўдзельнічаю ў турніры, то заўсёды хварэю за яе.

З Цынцынаці спартсменкі пераязджаюць у Нью-Ёрк, дзе ўжо 26 жніўня стартуе апошні з турніраў Вялікага шлема - US open. Год таму Вікторыя і Серэна выдалі неверагодны матч у фінале адкрытага чэмпіянату ЗША, тады перамога засталася за амерыканкай. Ці адбудзецца рэванш? На думку экспертаў, Азаранка адна з нямногіх, хто можа пацясніць на тэнісным троне вялікую амерыканку, гэта толькі справа часу.