Тэлеверсію ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" пакажа "Беларусь 1" у 22:05

11 января 2022
Урачыстая цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" пройдзе 11 студзеня ў Палацы Рэспублікі. Прэзідэнт таксама ўзнагародзіць лаўрэатаў спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва і спецпрэміі кіраўніка дзяржавы "Беларускі спартыўны Алімп".

Сёння ўзнагародзяць лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" 


У выніковым спісе тых, каму ўдалося за апошні год папоўніць культурную скарбонку  Беларусі, пяць лаўрэатаў. Гэта гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб "Вікру" з Магілёва, грамадскае аб'яднанне "Патрыёты Беларусі", фонд Аляксея Талая. Узнагароды за дабрачыннасць удастоены протаіерэй, настаяцель храма Іконы Божай Маці "Усецарыца"  Кірыл Шолкаў.

Пост памяці 


І яшчэ адна прэмія прысуджана цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Установа адзначана за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у міжнародным міратворчым руху і рэалізацыю праекта "Пост памяці Брэсцкай крэпасці". Юныя хлопцы і дзяўчаты ў мароз і спёку, у будні і святы  заступаюць на ганаровую варту на плошчы Цырыманіялаў. Менавіта ў гэтым месцы ў чэрвені 1941 года ішлі самыя кровапралітныя баі за цытадэль. Вахта памяці Брэсцкай крэпасці адна з нямногіх на тэрыторыі СНД, якая ніколі не перарывалася. Пост ля Вечнага агню стаяў нават у складаныя 1990-я гады. 

Узнагароды лепшым


Спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва дзевяць. І тры "Беларускія спартыўныя Алімпы". Не пакінуць без увагі на цырымоніі 100-годдзе БДУ і калектывы сельскіх дамоў культуры. Тэлеверсію ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" "Беларусь 1" пакажа сёння ў 22:05.