Больш за 4 тыс. спартсменаў з 95 краін свету на Алімпіядзе ў Пекіне разыграюць 109 камплектаў медалёў

4 февраля 2022

Лічаныя гадзіны застаюцца да цырымоніі адкрыцця ХХIV зімовых Алімпійскіх гульняў. Больш за чатыры тысячы спартсменаў з 95 краін свету ў найбліжэйшыя 16 дзён разыграюць 109 камплектаў медалёў, сярод іх 29 беларусаў: і тут пільная ўвага нашым біятланістам, але заўтра. А сёння чакаем цырымонію адкрыцця галоўнага старту чатырохгоддзя ў сталіцы Кітая.

З гэтай нагоды віншаванне Старшыні Кітая Сі Цзіньпіну накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт накіраваў віншаванне Сі Цзіньпіну з нагоды адкрыцця Алімпіяд

"Перакананы, ваша краіна, якая надае асаблівую ўвагу здароваму ладу жыцця і мае выдатныя спартыўныя дасягненні, дзякуючы працавітасці і прафесійнаму стаўленню кітайскага народа да любой справы арганізуе гэта міжнароднае спартыўнае свята на найвысокім узроўні. Выбраны Кітаем дэвіз зімовай Алімпіяды - "Разам - дзеля агульнай будучыні" - ярка адлюстроўвае імкненне чалавецтва да сумеснага росквіту, мірнага развіцця і новых дасягненняў. І хай Гульні пройдуць выключна ў духу сапраўднага алімпізму, па-за палітыкай і ў славу спорту", - пажадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Урачыстая цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў Белтэлерадыёкампанія пакажа ў прамым эфіры. Трансляцыя на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 5" пачнецца ў 15:00. Што прыдумалі арганізатары шоу, на што зроблены акцэнты і хто будзе каменціраваць цырымонію - адказы ўжо зараз у сюжэце Вольгі Макей (відэа).