Цырымонія ўзнагароджання нашых біятланістак сёння ў 13:15. Прамая трансляцыя на "Беларусь 1" і "Беларусь 5"

23 февраля 2018

Выдатны падарунак усім мужчынам і ўсёй краіне да свята паднеслі нашы біятланісткі. Жаночая зборная Беларусі ўчора выйграла золата ў эстафеце! З перамогай на Алімпіядзе і ўзнагароджаннем ордэнамі "За асабістую мужнасць" каманду павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Цырымонія ўзнагароджання біятланістак адбудзецца сёння ў 13:15 па беларускім часе. Прамую трансляцыю будуць весці два тэлеканалы: "Беларусь 1" і "Беларусь 5". А мы зноў вяртаемся да фантастычнай для нашай краіны падзеі.

Гэта фантастыка! Менавіта так можна апісаць усе тыя эмоцыі, якія накрылі без выключэння ўсю краіну! Учора наша жаночая біятлонная чацвёрка рабіла гісторыю! Залаты медаль у эстафетнай гонцы заваявалі Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава. Дзяўчыны зрабілі проста неверагодны падарунак сабе і асабліва ўсім балельшчыкам мужчынскага полу да Дня абаронцаў Айчыны!

Яны танчаць на вачах усяго свету і могуць сабе гэта дазволіць. Выйграць алімпійскае золата ў заключнай гонцы ў Пхёнчхане - пра такое можна было толькі марыць, але мары спраўджваюцца!

З надвор'ем у гэты вечар ізноў не шанцавала. Але беглі ўсе ў роўных умовах. Пачынала гонку па традыцыі наш стартар Надзея Скардзіна, выкарыстала на стойцы два дадатковыя патроны; дзясятай прыняла эстафету Ірына Крыўко, яна толькі аднойчы памылілася на двух агнявых рубяжах.

Ірына Крыўко пятай перадала эстафету Дзінары Алімбекавай. Дэбютантка Алімпійскіх гульняў заслугоўвае асобных кампліментаў: трэнерскі штаб доўга вырашаў, каго ж ставіць 4-м нумарам і ў выніку спыніў выбар на Дзінары, і яна не падвяла. Пры парывістым ветры на лежні выкарыстала два дадатковыя патроны, а ў стойцы зладзілася і з ветрам, і з нервамі, аднойчы даўшы асечку, і адправілася на трасу першай!

Дзінара выціснула з сябе, здавалася, усе сокі, прыйшла чацвёртай і яшчэ доўга заставалася ляжаць на трасе, нават калі Дар'я Домрачава пакінула межы стадыёна і панеслася па сваё чацвёртае алімпійскае золата.

Даша трэцяй прыйшла на першы агнявы рубеж, закрыла ўсе мішэні, але наперадзе была стойка, а мы за яе вельмі ж хваляваліся. Наймацнейшы парывісты вецер не пакідаў шанцаў нашым саперніцам, усе імкнуліся перачакаць парывы, але нервы здавалі, кулі ляцелі ў малако, два запар промахі і ў Дар'і, затым яшчэ адзін, у яе заставалася толькі тры дадатковыя патроны - і тры незакрытыя мішэні! Кожны промах мог каштаваць медаля! Але біятлонны бог і суровае карэйскае надвор'е вярнулі нам даўжок за няўдалыя першыя гонкі і за нашы спаленыя нервовыя клеткі - Даша закрывае ўсё чыста!

Дар'я Домрачава стала першай чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкай у гісторыі сусветнага біятлона!

Наша чацвёрка была самай дакладнай у эстафеце - усяго 9 дадатковых патронаў! Для Надзеі Скардзіны гэта другі алімпійскі медаль - да бронзы Сочы дадалося золата Пхёнчхана.

Гэта быў цяжкі сезон, хоць нашы дзяўчыны і паднімаліся на п'едэстал у асабістых гонках на этапах Кубка свету. Але Алімпіяда - гэта асаблівыя спаборніцтвы, і толькі алімпійскі медаль можа загаіць усе траўмы, кампенсаваць усе нервы! Для Дар'і і Надзеі гэтая Алімпіяда, магчыма, апошняя ў кар'еры, у Іры і Дзінары, мы спадзяемся, яшчэ шмат Гульняў наперадзе. Але тое, што дзяўчыны стварылі ўчора, назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і ў гісторыі алімпійскага руху!

Сёння, у Дзень абаронцы Айчыны, пройдзе заключная алімпійская біятлонная гонка. У 14:15 тэлеканал "Беларусь 2" пачне прамую трансляцыю мужчынскай эстафетнай гонкі. Будзем спадзявацца, наш мужчынскі квартэт натхніцца перамогай нашых дзяўчын і таксама завершыць сваё выступленне на Алімпіядзе годна.