Беларускія хакеісты змагаюцца за вяртанне ў эліту на ЧС у Нур-Султане

1 мая 2019

Імкліва развіваюцца і падзеі для беларусаў у Нур-Султане.  Там працягваецца чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне.  Мы змагаемся за вяртанне ў эліту.  Першыя бітвы - ужо за намі!  Беларускія хакеісты атрымалі дзве  перамогі ў стартавых паядынках.  Малайцы! Так трымаць!  Наперадзе - новыя бітвы.  Сёння ў нашай каманды  дзень адпачынку.  Зборная правяла яго з карысцю.  Па-першае, зрабілі работу над памылкамі. А па-другое,   дружына Андрэя Сідарэнкі    рыхтавалася да сустрэчы супраць Славеніі. У стане  абедзвюх каманд пабывала Крысціна Камыш.  Перадматчавыя  расклады - у яе рэпартажы.

Сталіца Казахстана  Нур-Султан  сустрэла гасцей чэмпіянату свету ў першым дывізіёне па хакеі не майскім надвор'ем. Гэтай ноччу быў мароз мінус 4 і ішоў снег. Горад прывык прымаць буйныя міжнародныя старты - ад зімовай Універсіяды, планетарных першынстваў па боксе і цяжкай атлетыцы да матчаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Але вось сусветны форум па хакеі стаў для Нур-Султана дэбютным. 

Пляцоўкай турніру выбрана  "Барыс-Арэна". Беларускаму гледачу яна вядомая па матчах КХЛ. Менавіта тут выступае каманда "Барыс". Стадыёну амаль чатыры гады. Ён пабудаваны ў стылі, уласцівым усёй архітэктуры Нур-Султана – хай-тэк  з даданнем усходніх матываў. Спарткомплекс месціць амаль 12 тысяч гледачоў і з'яўляецца адным з самых новых і сучасных у КХЛ. 

Тут, на арэне,  усё маштабна. Напрыклад, раздзявалка  зборнай Казахстана займае 920 квадратных метраў. Там ёсць трэнажорная зала, сталовая, саўна і масажны кабінет. А вось гэта ўваход у раздзявалку беларускай каманды. Заходзіць унутр староннім падчас чэмпіянату свету забаронена, але здымачнай групе Агенцтва тэленавін зрабілі выключэнне. Кожная шафка хакеіста падпісана, ёсць нават фатаграфія. Але цікавасць выклікае вось гэтая сценка. Арнамент наша дэлегацыя прывезла з сабою. Узор складаецца з назваў усіх населеных пунктаў Беларусі. Вось Давыд-Гарадок, Слонім, Пружаны. Такі напамінак павінен падганяць гульцоў.

Хоць  дадатковай матывацыі нашым хлопцам не трэба. Мэта адна - вяртанне ў эліту. 

Андрэй Сідарэнка, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Выходзіць нават не ўзровень майстэрства, а маральна-валявыя якасці. Прахадных матчаў няма. Наогул у дывізіёне 1 выступаць, магчыма, нават складаней, чым у эліце.  Што мы за нацыя, калі крытыкуем сваю зборную напярэдадні важнага турніру? Менавіта тады, калі трэба аб'яднацца дзеля агульнай мэты. А мы што? Немагчымае магчыма толькі калі мы адзіныя. Уявіце, як сябе павінна адчуваць каманда, якую з іх жа дома паліваюць?"

Падняцца ў дывізіён рангам вышэй дазваляе толькі першае і другое месца па выніках хуткаплыннага турніру. Ужо абыграныя Літва - 4:3 і Венгрыя - 3:1. 

Сёння на турніры ў беларускай каманды быў выхадны. Яго зборная прысвяціла, вядома, трэніроўцы і аднаўленню. 

Мабыць, асноўныя бітвы на чэмпіянаце свету дружыне Андрэя Сідарэнкі  яшчэ толькі маюцца быць. Ужо заўтра сустрэча са зборнай Славеніі. Гэтую каманду можна назваць "беларускім" каменем спатыкнення  ў хакеі. 

Менавіта славенцы двойчы не пусцілі нашых на галоўныя старты чатырохгоддзя. Спачатку выйграўшы кваліфікацыю на Алімпіяду ў Сочы. А затым на "Мінск-Арэне" заваяваўшы квоту на Гульні ў Пхёнчхан. 

Славенія адкрыта дрэнна стартавала на чэмпіянаце. Дзве гульні - два паражэнні. Ад гаспадароў першынства і Паўднёвай Карэі. Але ў складзе ёсць нападаючы  Анжэ  Капітар. Адзіны прадстаўнік НХЛ на цяперашнім чэмпіянаце свету.

Анжэй Капітар, нападаючы зборнай Славеніі па хакеі: "Натуральна, мы не такога пачатку чакалі. Але ў нас ёсць яшчэ тры гульні ў запасе. Зараз рыхтуемся да сустрэчы са зборнай Беларусі. Пастараемся перамагчы. Паглядзім іх відэа, разбяром матчы. Сапернік не з простых, але і нам адыходзіць ужо няма куды".

Славенія ў сусветным рэйтынгу -  на 15-ым месцы. Беларусы – 14-ыя. 

Стартавае ўкіданне ў гэтым паядынку адбудзецца заўтра ў 13:00. Следам, у 16:30, выявяць наймацнейшага Паўднёвая Карэя і Казахстан. Гэтыя матчы ў прамым эфіры пакажа тэлеканал "Беларусь 5".