Моцны ўраган паралізаваў Еўропу

28 октября 2013

Пад ударам стыхіі аказаліся Вялікабрытанія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды і некалькі іншых краін. Загінулі 6 чалавек, без святла засталіся тысячы дамоў, дзясяткі авіярэйсаў скасаваныя. Самы моцны за апошнія два дзясяткі гадоў шторм атрымаў назву Святы Іуда. Па іроніі лёсу менавіта сёння - 28 кастрычніка - адзначаюць дзень памяці заступніка ўсіх бяздольных.


Наступствы разбуральнай стыхіі - у рэпартажы Вольгі Давідовіч.


Шторм з грозным імем Святы Іуда ўжо амаль суткі бясчынствуе ў Старым Свеце. Хуткасць ветра, паводле інфармацыі Метэаралагічнай службы Брытаніі, сёння дасягнула амаль 160 кіламетраў за гадзіну. Гэта самы моцны ўраган за апошнія два дзясяткі гадоў, з усіх, якія абрушваліся на Каралеўства. У раёне горада Іпсвіч Святы Іуда дасягнуў такі сілы, што перавярнуў двухпавярховы аўтобус. А прама ў цэнтры Лондана на будынак канцылярыі прэм'ер-міністра з-за ўрагану ўпаў будаўнічы кран. Ніхто з чыноўнікаў не пацярпеў, усіх у экстранным парадку эвакуіравалі. Магутная канструкцыя ледзь не зачапіла і размешчаную па суседстве рэзідэнцыю кіраўніка ўрада на Даўнінг-стрыт, дзе пражывае сям'я Дэвіда Кэмерана. Жыхароў заклікаюць не выходзіць на вуліцу і выконваць максімальныя меры засцярогі. Тым не менш, бедства ўжо выклікала чалавечыя ахвяры. Паваленымі дрэвамі забіла двух чалавек, а з учарашняга вечара ратавальнікі вядуць пошукі знікшага без вестак сёрфінгіста.



Кэці Уолфард, супрацоўнік паліцыі:


Ва ўсіх сродках масавай інфармацыі гаварылі і папярэджвалі грамадзян аб урагане і моцным шторме на моры. І вельмі шкада, што многія праігнаравалі гэтыя рэкамендацыі і ў непагадзь знаходзіліся так блізка да вады.


Стыхія прывяла да хаосу ў аэрапортах. У адным толькі Хітроу - самым загружаным паветраным порце Еўропы - прыйшлося адмяніць больш за сотню рэйсаў. Такая сітуацыя склалася і ў іншых паветраных гаванях краіны. Спынілі працу і аператары паромаў, якія курсуюць праз праліў Ла-Манш і Ірландскае мора. Парушаны таксама рух цягнікоў па ўсёй краіне - паводле інфармацыі кампаніі - аператара брытанскіх чыгунак, вецер паваліў на шляху больш за сотню дрэў. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнулі некалькі соцень чалавек.


Буянства Святога Іуды выклікала маштабныя адключэнні электрычнасці - без святла засталіся некалькі соцень тысяч сем'яў Каралеўства. Блэкаут прывёў таксама да спынення абодвух рэактараў на АЭС каля Лондана. У французскай кампаніі EDF, якая абслугоўвае рэактар, гавораць, небяспекі няма, але на аднаўленне яе працы можа запатрабавацца тыдзень.


Непагадзь закранула і іншыя еўрапейскія краіны. Ураган бушуе і на паўночным захадзе Францыі. Там ужо 75 тысяч дамоў засталіся без электрычнасці. З-за паваленых дрэў закрытыя дзясяткі дарог.


А ў Нідэрландах з-за яе не змаглі паляцець сотні пасажыраў. На большай частцы краіны ўведзены найвышэйшы чырвоны узровень трывогі. З розных канцоў краіны прыходзяць паведамленні аб пацярпелых - у асноўным з-за дрэў, што ўпалі на аўтамабілі, у якіх знаходзіліся людзі.


Моцны вецер паваліў шмат дрэў і ў фламандскіх рэгіёнах Бельгіі. Было памята некалькі аўтамабіляў, павалены платы, знесены рэкламныя і інфармацыйныя шчыты, пашкоджаныя дахі дамоў. У Бруселі прыйшлося зачыніць паркі, а таксама некаторыя аўтастрады.


Чакаецца, што Святы Іуда зусім хутка закране поўнач Германіі, поўдзень Швецыі і Прыбалтыку, а ўжо заўтра ён прыйдзе на паўночны захад Расіі.