Беларускія біятланісткі сёння пазмагаюцца ў эстафеце

17 марта 2018

А нашы біятланісткі сёння пазмагаюцца ў эстафеце. Нарвежскі этап Кубка свету ў Халменколене, нагадаем, ужо пачаўся ўдала - срэбрам Дар'і Домрачавай у спрынце. Такім чынам, у 14:20 - жаночая эстафетная гонка, дзе наша каманда, вядома, у ліку фаварытаў, хай і без адной з трыумфатараў Пхёнчхана Ірыны Крыўко - яна ўзяла паўзу з-за хваробы. А вось Дзінара Алімбекава, якая таксама з-за нядужання прапусціла старт этапу, гатовая да гонкі. Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін распавяла Надзея Скардзіна. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5".

Такім чынам, наш квартэт выглядае так: Надзея Скардзіна, Дзінара Алімбекава, Надзея Пісарава і Дар'я Домрачава. На апошнім этапе - чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Усё, як падчас залатой эстафеты ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Акрамя таго, у праграме этапу і мужчынская гонка праследавання. Пачатак у 17:05.