Беларусь - Сан-Марына. Сёння наша зборная будзе змагацца за першае месца ў групе Лігі нацый

18 ноября 2018

Зборная Беларусі па футболе сёння можа юрыдычна аформіць выхад у трэці дывізіён Лігі нацый, а заадно наблізіць сябе да першага ў гісторыі краіны топ-турніру. У Сан-Марына нашай камандзе для першага месца ў групе дастаткова згуляць унічыю, але можна зрабіць гэта прыгожа - перамагчы і стаць адзінай камандай у Еўропе, якая не прапусціла ні аднаго гола ў Лізе нацый. З падрабязнасцямі з месца падзей Мікалай Стула.

Санмарынцы горда называюць сваю дзяржаву самай старажытнай у Еўропе, прытым што знаходзяцца ў мытным саюзе з Італіяй, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае іх у прыняцці рашэнняў. Напрыклад, мытныя зборы тут збіраць нельга, за гэта італьянцы плацяць суседзям кампенсацыю. Насельніцтва Сан-Марына набліжаецца да 33 тысяч, тут цэлых 9 населеных пунктаў. У самым вялікім з іх - у Серавале - беларускія футбалісты сёння завершаць групавы турнір Лігі нацый.

У хатнім матчы нашы разграмілі апанентаў, 5:0. Напярэдадні пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі каманда правяла трэніроўку, каб прывыкнуць да поля.

Арэна ў Сан-Марына выглядае больш прэзентабельна, чым у Люксембургу. За левымі варотамі няма трыбун, затое пачынаецца лес. І калі ўдар будзе моцным і недакладным, мяч можна і не знайсці. А наогул з перамогамі тут зусім дрэнна. Малюсенькая краіна проста не можа сабе дазволіць развіваць прафесійны футбол. Таму супраць беларусаў выйдуць выключна аматары. Вядома, удалае размяшчэнне ля мора ўнутры Італіі магло б прыцягнуць у мясцовую каманду моцных футбалістаў - легіянераў, але такая зборная краіне не трэба. Справа прынцыпу.

Беларусы ў групавым турніры галоў яшчэ не прапускалі, а санмарынцы яшчэ не забівалі. Здаецца на першы погляд, што ў гэтай пары ўсё прадвызначана. Тым не менш наша каманда абяцае не страчваць канцэнтрацыю, бо беларускі футбол не вылучаецца поспехамі апошні час, а Ліга нацый адкрывае выдатныя перспектывы.