Беларусь далучылася да святкавання Сусветнага дня бегу

6 июня 2018

Спорт становіцца неад'емнай часткай жыцця для ўсё большай колькасці беларусаў. Сёння наша краіна далучылася да святкавання Сусветнага дня бегу. Мінск стаў адным з гарадоў, у якіх прайшла акцыя "Абганяючы сонца". Пачынаючы з Новай Зеландыі, дзе прайшоў першы этап, на дыстанцыю выйшлі як прафесійныя спартсмены, так і проста аматары. Хто ўзначаліў забег у Мінску і ці ўдалося сонцу дагнаць нашых спартсменаў, ведае Алена Гарэльчык.

Ад Окленда да Ванкувера праз Пекін, Берлін, Буэнас-Айрэс. Шосты пункт у гэтым спісе - Мінск. Бегчы наперадзе сонца, няхай і абганяючы яго ўсяго на мілю (або 1 кіламетр 600 метраў), каб стаць часткай аднаго вялікага свята. Такім чынам Сусветны дзень бегу адзначаюць ужо трэці раз. Наша сталіца трапіла ў гэты спіс упершыню.

Тут вынікам можна ахвяраваць, як гэта зрабіла капітан новазеландскай каманды Валеры Адамс, дапамагаючы дзятве перасячы фінішную рысу.

Капітанамі каманд станавіліся вядомыя ў мінулым і дзеючыя спартсмены. У Мінску ўсе беглі за Вольгай Мазуронак - адной з лепшых марафонак Еўропы, якая ўсяго на 4 дні заехала дамоў у паўзе паміж спаборніцтвамі.

За трансляцыямі забегаў у кожнай краіне можна было сачыць і ў інтэрнэце на афіцыйнай старонцы Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый - гэта ідэйныя натхняльнікі праекта. Увага! На сувязі Дэлі, Індыя.

А ў Мінску сапраўды беглі, абганяючы сонца. Бо варта было толькі фінішаваць апошняму ўдзельніку, як яно і паказалася з-за хмар упершыню за дзень.

Сярод удзельнікаў аказаліся і тыя, хто падчас абедзеннага перапынку стартаваў не ў сталовую. Часу змяніць дзелавы касцюм на спартыўны не засталося. Гавораць, і так зручна.

У той час як гэты сюжэт выходзіць у эфір, эстафету забегу прымае Буэнас-Айрэс. Калі ў Беларусі будзе апоўначы, на заключным этапе абганяць сонца будуць у Ванкуверы.