Завяршыўся афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан

4 октября 2013
Сёння ў другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан у Астане прайшлі перамовы на вышэйшым узроўні. Раніцай Кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў у рэзідэнцыю прэзідэнта Казахстана Акорда, дзе ў зале ўрачыстых цырымоній яго прывітаў Нурсултан Назарбаеў. Абавязковыя атрыбуты афіцыйнага пратакола: гімны дзвюх краін і рота ганаровай варты.

Затым пачаліся перамовы кіраўнікоў дзяржаў у вузкім складзе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што практыка рэгулярных сустрэч лідараў дзвюх дзяржаў з'яўляецца вельмі правільным рашэннем, гэта актывізуе рэалізацыю пастаўленых задач.


Праз гадзіну да прэзідэнтаў далучыліся дэлегацыі. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў буйны казахстанскі бізнес інвеставаць у Беларусь.


Важным крокам назваў Аляксандр Лукашэнка адкрыццё сёння сумеснага цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахскім агратэхнічным універсітэце. Ён з'яўляецца часткай казахстанска-беларускага індустрыяльнага тэхналагічнага парка, які ствараецца для сумеснага выпуску трактароў МТЗ і іншай сельгастэхнікі. У перспектыве індустрыяльны парк стане вядучым цэнтрам навукі і падрыхтоўкі кадраў для сельскагаспадарчага машынабудавання Казахстана. У дарунак ад беларускага Прэзідэнта гэтаму цэнтру перададзеныя кнігі аб экспартным патэнцыяле Беларусі.

Па выніках афіцыйных перамоў лідары дзвюх краін прынялі сумесную заяву. Прэзідэнты Беларусі і Казахстана дамовіліся паглыбляць эканамічную інтэграцыю ў розных фарматах, а таксама максімальна задзейнічаць перавагі АЭП. Выгадным для краін стане і будучы Еўразійскі эканамічны саюз. У прысутнасці прэзідэнтаў была падпісаная дарожная карта развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі да 2016 года. Падрабязнасці другога дня афіцыйнага візіту Прэзідэнта ў Астану глядзіце ў Панараме.