Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў пытанні інтэграцыі з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы

9 июля 2019

Пытанні інтэграцыі і болевыя пункты беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Гэтыя тэмы былі закранутыя сёння на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Важны акцэнт прагучаў ад нашага Прэзідэнта: праца над глабальнымі пытаннямі інтэграцыі  не павінна адсоўваць на другі план рашэнне бягучых праблем беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Для прасоўвання на інтэграцыйным трэку  створаная міжурадавая група, якую курыруюць міністры эканомікі Беларусі і Расіі. Яна працуе над тым, каб знайсці развязкі ў адчувальных для краін пытаннях і выйсці на праграму дзеянняў для рэалізацыі саюзнага будаўніцтва. Дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў снежні споўніцца 20 гадоў. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль ёсць пытанні да працы сумеснай групы. Нягледзячы на некалькі раўндаў перамоў, па многіх тэмах не выходзяць на канчатковыя рашэнні. А ўсе акцэнты ў Саюзнай дзяржаве сёння зрушыліся наверх, і чарговы раз многія пытанні плануецца вывесці на ўзровень прэзідэнтаў. Ужо на наступным тыдні запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу, дзе пройдзе шосты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Рыгор Рапота, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы: "Пасткам не стаіць убаку ад развіцця двухбаковых адносін. Гэта наш прамы абавязак і адказнасць - развіццё расійска-беларускіх адносін. Мы гэтым займаемся ў штодзённым рэжыме. Як толькі пачалася праца сумеснай групы, мы, натуральна, прапанавалі сваё бачанне сітуацыі. Упэўнены, што гэта будзе скарыстана. Калі запатрабуецца наш больш актыўны ўдзел, мы да гэтага гатовыя".

Па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка як Старшыня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы даручыў знешнепалітычнаму ведамству распрацаваць пытанне ўдзелу прадстаўнікоў пастаяннага камітэта ў дзейнасці сумеснай міжурадавай групы Беларусі і Расіі.