У Палацы Незалежнасці сёння асноўны дзень нарады, прысвечанай будучыні будаўнічай галіны

23 ноября 2018

У Палацы Незалежнасці сёння пройдзе асноўны дзень нарады, прысвечанай будучыні будаўнічай галіны. Плануецца, што ўдзел у ёй возьме і Прэзідэнт Беларусі. Усяго ж збяруцца амаль тры сотні спецыялістаў з усёй краіны - ад міністраў і губернатараў да тых, хто ў прамым сэнсе будуе. Гэта тыя людзі, ад якіх і залежыць аблічча беларускіх гарадоў.

Размову аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічай галіны і якасці паслуг пачалі напярэдадні. У сталіцы прайшоў першы дзень маштабнага семінара. Удзельнікі абмеркавалі будучыя змяненні ў будіндустрыі. Так, ужо ў наступным годзе плануюць увесці адзіны тарыф на электраэнергію для насельніцтва. Гэта будзе спрыяць яе максімальнаму выкарыстанню ў жылых дамах. Паўплывае новаўвядзенне і на цану квадратных метраў. Будзе менш выдаткаў на інфраструктуру, адпаведна прагназуюць паніжэнне цэнаў на жыллё.

Адной з ключавых тэм размовы сёння стануць магчымасці зніжэння выдаткаў у галіне, загрузка нашых ДСК, у тым ліку экспарт будаўнічых паслуг і годная аплата працы будаўнікоў. Таксама Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ініцыіруе адмову ад аўкцыёнаў, калі размова ідзе аб індывідуальнай жылой забудове. Прапаноўваюць увесці механізм долевага будаўніцтва. Па словах міністра, ведамства ўжо працуе над адпаведным дакументам.