У Мінску прайшло першынство па летнім фрыстайле

21 сентября 2015

Першыя чэмпіёны Беларусі па скачках на лыжах у ваду. У мінскім Цэнтры фрыстайла з аншлагам прайшла прэм'ера - чэмпіянат краіны па летнім фрыстайле. На медалі прэтэндавалі больш за сорак лыжных акрабатаў з пяці краін. І аўтсайдараў практычна не было. Падрабязнасці ў нашага спартыўнага аглядальніка Алены Гарэльчык.

Фрыстайлісты запрашаюць у госці. Кушнір, Дашчынскі, Грышын, Цупер. У нядзелю гэтыя людзі, каго часцей можна ўбачыць па тэлевізары, былі на адлегласці выцягнутай рукі.

Усяго тры скачкі да перамогі. Фрыстайлісты скачуць у ваду, а не на снег. Істотная розніца - прызямленне.

Адрэналіну дадае музычнае суправаджэнне. Стартавая пазіцыя, рука ўзнятая ўверх, трэнер дае адмашку, спрацоўвае паветраная падушка. Гледачы замерлі…

Ад захаплення займае дух. Да такога складана прывыкнуць. Хаця знакаміты скачок ультра-сі - трайное сальта з пяццю вінтамі, які прынёс алімпійскае золата Антону Кушніру, тут на вадзе выконваецца куды лягчэй.

Спроба ў суперфінале прынесла Ганне Гуськовай золата. Сярод мужчын пераможным аказаўся скачок швейцарца Мішы Гасера. За крок ад п'едэстала спыніліся Дзяніс Осіпаў і Аляксандра Раманоўская.

Аляксей Грышын і Дзмітрый Дашчынскі завяршылі прафесійную кар'еру. Зараз афіцыйна. Пад апладысменты балельшчыкаў з пажаданнямі поспеху і словамі падзякі знакамітыя беларускія фрыстайлісты прызналіся, што такога не чакалі. Уражаны Дзмітрый Дашчынскі паспяшаўся да сваёй каманды. Ён сёння трэнер. А значыць, застаецца.