У Палацы Незалежнасці прайшла цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара

26 января 2017

Пачнём з падзеі, асаблівай для ўсіх навукоўцаў, але яшчэ больш для будучыні краіны напярэдадні Дня беларускай навукі. У Палацы Незалежнасці прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара. Асаблівую значнасць мерапрыемству надае і тое, што па традыцыі іх уручае асабіста Прэзідэнт. Сярод узнагароджаных - два дзясяткі чалавек. Гэта ў літаральным сэнсе залаты запас краіны - тыя, каму трэба будзе ўвасабляць у жыццё новыя ідэі для стабільнага росту і развіцця эканомікі. Цяперашняя цырымонія, па сутнасці, адпраўны пункт усяго года, які, нагадаем, аб’яўлены Годам навукі і закліканы стаць для гэтай сферы знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Чым жыве беларуская навука, якія ноу-хау сёння запатрабаваныя эканомікай - высвятляў Аляксей Адашкін.

Яна ў навуцы ўжо амаль 30 гадоў. У дзяцінстве хацела пайсці па слядах бацькі і стаць аграномам. Лёс завёў далей, але ў тым жа кірунку. Сёння ўжо прафесар Тамара Булавіна піша кнігі для тых, хто займаецца земляробствам. Апублікавана 125 прац. Поле яе інтарэсаў - тэхналогіі вырошчвання кармавога і харчовага збожжа. Тры чвэрці пасяўных плошчаў у краіне займаюць культуры беларускай селекцыі. Таму і падыходы да апрацоўкі жыта, пшаніцы і трыцікале распрацоўваюцца айчыннымі навукоўцамі.

Шлях да ступені доктара навук Вольга Суджаева пачала з пасады медсястры. Больш за 20 гадоў яна працуе ў навукова-практычным цэнтры "Кардыялогія". Захворванні сэрца - адна з асноўных прычын смерцяў у Беларусі. Нашы хірургі навучыліся рабіць самыя складаныя аперацыі, у тым ліку і перасадку гэтага найважнейшага органа. А доктар Суджаева распрацавала новы кірунак рэабілітацыі, які дазваляе нават самых цяжкіх пацыентаў у літаральным сэнсе ставіць на ногі і ў самыя кароткія тэрміны.

І вось сёння памятны дзень у навуковай кар'еры і прафесара Булавінай, і доктара навук Суджаевай. У Палацы Незалежнасці па традыцыі ў пачатку года сабраліся тыя, хто, ствараючы навацыі, робіць Беларусь інтэлектуальна і матэрыяльна больш багатай.

Больш за паўтысячы чалавек летась у Беларусі атрымалі навуковыя званні і ступені. З гэтай колькасці высакакласных спецыялістаў 18 былі запрошаныя сёння ў Палац Незалежнасці на ўрачыстую цырымонію. Новыя дактары навук і прафесары прадстаўляюць зусім розныя сферы. Але іх аб'ядноўвае галоўнае. Усе іх ноу-хау - гэта тэхналогіі, якія рэальна працуюць, якія ўжо выкарыстоўваюцца. Прычым не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

У Малой зале Палаца Незалежнасці ў прамым сэнсе эліта беларускай навукі. Гэта людзі, чыімі рукамі і інтэлектам айчынныя дасягненні ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, эканомікі, інфармацыйных тэхналогій, фізікі і хіміі ператвараюцца ў каштоўны рэсурс. З рук Прэзідэнта дыпломы дактароў навук сёння атрымалі 12 чалавек. Яшчэ шасцярым Кіраўнік дзяржавы ўручыў атэстаты прафесара.

Пасля святочнай цырымоніі гутарка пра будні работнікаў інтэлектуальнай сферы. 2017 - Год навукі. Таму Прэзідэнт запрасіў да максімальна шчырага дыялогу. Цяперашні год павінен стаць пераломным для гэтай сферы. Аляксандр Лукашэнка арыентуе навукоўцаў на прынцыповае абнаўленне галіны. Пры гэтым змяняць падыходы прыйдзецца ва ўсім: і ў падрыхтоўцы спецыялістаў, і ў кааперацыі навукі, бізнесу і вытворчасці.

За апошнія пяць гадоў аб'ём навукаёмістай прадукцыі ў Беларусі павялічыўся больш як удвая. Падрыхтавана звыш адной тысячы інавацыйных праектаў для розных сфер. Пры гэтым на кожны рубель бюджэтных сродкаў атрымана 48 рублёў ад рэалізацыі высокатэхналагічных тавараў. З 2013 створаны тры дзясяткі інавацыйных вытворчасцяў. І працэс гэты не спыняецца. А нічога гэтага магло б і не быць, калі б ў цяжкія 90-я дзяржава адмовілася ад кіравання ў гэтай сферы.

Прыкладна 40 хвілін, зададзеныя параметры і ўнікальныя тэхналогіі - і гэты імплант у вакуумнай усталёўцы становіцца сапраўдным ноў-хаў. Пакрыццё з часціцамі срэбра ўзмацняе лячэбны эфект, а сам працэс акрыяння працякае больш хутка. Гэта адна з распрацовак Аляксандра Рагачова, які сёння атрымаў навуковую ступень доктара навук. Фізік па адукацыі ўжо 16 гадоў займаецца нанатэхналогіямі, большасць з якіх паспяхова выкарыстоўваецца на практыцы.

Машынабудаванне, медыцына, будаўніцтва, энергетыка - у гэтых сферах выкарыстоўваюцца розныя нанапакрыцці. Забяспечваючы зносастойкасць, герметычнасцьь і біясумяшчальнасць. Сёння распрацоўкі беларускіх навукоўцаў запатрабаваныя не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі, Кітаі.

Маючы партфель інавацыйных распрацовак, можна любую краіну свету пакарыць. Пастаянная задача навукоўцам і вытворцам - пашырэнне рынкаў збыту. Прэзідэнт сёння распавёў аб нядаўніх візітах у Судан і Егіпет. Галоўная мэта паездак - менавіта прасоўванне айчыннай прадукцыі.

Зайшла сёння гутарка і аб годнай аплаце працы. Пастаўленая мэта - 500 долараў у сярэднім па краіне. І гэтая задача будзе няўхільна выкананая.

Лічбу ў 500 долараў даўно перасягнулі зарплаты ў беларускіх айцішнікаў. Гадавы экспарт Парка высокіх тэхналогій набліжаецца да лічбы ў 1 мільярд долараў. Паказальны прыклад - дзяржава стварыла ўмовы для працы ў інавацыйнай сферы, астатняе апынулася справай тэхнікі і інтэлекту.

36-гадовы Ілля Азараў сёння атрымаў ступень доктара навук як раз за распрацоўку праграмнага забеспячэння. У партфоліа маладога навукоўца і забаўляльныя дадаткі, і самыя што ні на ёсць грамадска-карысныя. Праграму для тых, хто слаба чуе, ужо можна бясплатна запампаваць на любы смартфон. Софтам скарысталіся паўмільёна чалавек у свеце. Усё, што трэба для паляпшэння слыху, - гэта тэлефон і праграма ад беларускіх навукоўцаў.

Прыцягненне таленавітай моладзі ў даследчую сферу - важная задача для Акадэміі навук. Атамная энергетыка, космас і біятэхналогіі - па гэтых кірунках патрэбныя свежыя кадры. Акрамя таго, неабходна павысіць прыкладную каштоўнасць інавацый. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах.

Таму неабходна паскоранымі тэмпамі займацца развіццём эканомікі, і навука тут павінна быць галоўным складальнікам. "Таму чакайце вельмі сур'ёзнага ціску з майго боку ў сферы навукі. Нам не патрэбная проста навука, якая нават калі і не за бюджэтныя грошы жыве, то проста існуе. Нам патрэбная эфектыўная навука для вытворчасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Каб не згубіцца на сусветным рынку ведаў, беларускім навукоўцам трэба вызначыць тыя кірункі, дзе айчынныя распрацоўкі могуць канкурыраваць з замежным інтэлектам. Аб сучаснасці і будучыні гэтай сферы Прэзідэнт сёння размаўляў з прафесарамі і дактарамі навук амаль дзве гадзіны.

Гутарка Прэзідэнта з навукоўцамі адбылася напярэдадні Дня беларускай навукі, які краіна адзначыць у гэтую нядзелю. Ужо ў найбліжэйшы час Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз сустрэнецца з інтэлектуальнай элітай. Рыхтуецца маштабная нарада, дзе трэба будзе сур'ёзна прааналізаваць сітуацыю ў навуцы. Бо менавіта веды - гэта той рэсурс, які сёння можа прыносіць Беларусі максімальную выгаду.