У Палацы Незалежнасці ідзе вялікая размова з Прэзідэнтам

29 января 2015

Аляксандр Лукашэнка мае намер прытрымлівацца сацыяльна арыентаванай мадэлі развіцця дзяржавы. Пра гэта Прэзідэнт заявіў сёння падчас адкрытага дыялогу з журналістамі. На гэты раз Прэзідэнт упершыню адмовіўся ад фармату прэс-канферэнцыі і прапанаваў сустрэчу-дыялог. Любы з прысутных можа звярнуцца з пытаннем, выказаць сваё меркаванне і агучыць пазіцыю. 

Адна з найважнейшых падзей нацыянальнай і не толькі медыяпрасторы ідзе ўжо больш як чатыры гадзіны. Атмасфера ў зале параўнальная з атмасферай пленума, дзелавой сустрэчы або навуковай канферэнцыі. Ужо некалькі дзён з моманту аб'яўлення аб мерапрыемстве ў журналістаў і простых людзей - той вялізнай аўдыторыі, што стаіць за прысутнымі, узнікла жывая цікавасць. Першае пытанне наконт мадэлі развіцця дзяржавы прагучала ад вядучага тэлеканала "Беларусь 1" Дзмітрыя Бачкова.

Удзельнікі ўзнялі і тэму гандлёвых адносінаў у рамках ЕАЭС. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, войнаў ва ўмовах Еўразійскага эканамічнага саюза быць не павінна.

У Палацы Незалежнасці ідзе размова і наконт адносін Беларусі з Захадам. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка не спадзяецца на нейкія вялікія зрухі да прэзідэнцкіх выбараў. Зайшла размова і пра падзеі ў суседняй Украіне. Беларускі лідар яшчэ раз падкрэсліў: наша краіна не імкнецца рабіць піяр на садзейнічанні ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту. Аляксандр Лукашэнка і зусім прапаноўвае выкінуць з галавы думкі аб магчымасці Майдану ў Беларусі.