У цырымоніі адкрыцця другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прыняў удзел Аляксандр Лукашэнка

3 мая 2019

Гэты дзень  асаблівы  ў гісторыі нацыянальнага аэрапорта Мінск. Сёння тут адкрылі другую ўзлётна-пасадачную паласу. Ва ўрачыстай і сімвалічнай цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Адкрыццё другой узлётнай - гэта не толькі вынік рэалізацыі маштабнага праекта, але і пытанне іміджу нашай дзяржавы, і важны крок на шляху развіцця транзітнай прывабнасці краіны, што актуальна напярэдадні маштабных спартыўных падзей, якія рыхтуецца прыняць Беларусь. Аляксандр Лукашэнка пагаварыў з працоўнымі калектывамі, падзякаваў ім за ўклад у будаўніцтва новай паласы. Рэзюмэ Прэзідэнта было простым - усё можам самі. Падрабязна  Наталля Брэвус. 

Першае ўражанне пасля прылёту заўсёды незабыўнае, таму важна ўсё 

Знаёмства з краінай пачынаецца для гасцей адразу пасля прылёту. Тут, у аэрапорце. Першае ўражанне заўсёды незабыўнае, таму важна ўсё - ад вонкавага аблічча і функцыяналу паветранай гавані да яе тэхнічных магчымасцей і культуры абслугоўвання пасажыраў.

 

Будаўніцтва другой узлёткі - гэта развіццё нацыянальнага аэрапорта як міжнароднага транзітнага вузла

Чым больш сучасных палос, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі, тым больш самалётаў зможам прыняць. На новую паласу даўжынёй 3700 метраў і шырынёй 60 метраў зараз змогуць прызямляцца ўсе судны без выключэння - ад самага буйнога грузавога накшталт Ан-225 да найбуйнейшага пасажырскага лайнера тыпу Airbus A380.

Дзеючая траса эксплуатавалася з 1981 года. Яе рэсурс прадаўжаўся неаднаразова. Неабходнасць абнаўлення проста наспела. Будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы пачалося ў 2016. Маштабны інвестпраект рэалізавалі сваімі сіламі. Аказалася ўтрая танней, чым прапаноўвалі замежныя кампаніі. А нашым спецыялістам яшчэ і бонус у выглядзе вопыту - зараз можна брацца за такія праекты за мяжой.

Аляксандру Лукашэнку неаднаразова паступалі прапановы аддаць паветраную гавань прыватніку 

Прэзідэнт асабіста тэсціраваў новую трасу.

Гэта адбылося яшчэ ў канцы красавіка. Менавіта па ёй беларускі борт нумар адзін вылятаў на міжнародны форум у Кітай. Вяртаючыся дахаты з Пекіна, самалёт Кіраўніка дзяржавы прызямляўся таксама на новай паласе. Трэба сказаць, што аэрапорт  прывабны кавалак для замежных інвестараў. Яшчэ ў пачатку 90-х у часы павальнай прыватызацыі неаднаразова Кіраўніку дзяржавы паступалі прапановы аддаць паветраную гавань прыватніку. Аляксандр Лукашэнка на гэта не пайшоў. І сёння пра гэта ніколькі не шкадуе. 

Сустракаць гасцей будучых Еўрапейскіх гульняў будзем абноўленымі. 

Сёння Нацыянальны аэрапорт прымае каля 4 з паловай мільёнаў пасажыраў за год. Але паток расце. Увядзенне ў строй другой узлёткі, а таксама абнаўленне аэравакзальнага комплексу, якое адбылося да чэмпіянату свету па хакеі, дазволіць лёгка прымаць і больш гасцей. Мадэрнізацыя комплексу працягнецца, трэба давесці паветраную гавань да ладу. Знайсці фішку, як гаворыцца. Далажылі Прэзідэнту аб планах па арганізацыі чыгуначных зносін сталіцы з аэрапортам і індустрыяльным паркам "Вялікі камень". Кіраўнік дзяржавы даручыў зрабіць транспартныя зносіны максімальна зручнымі для людзей і не зацягваць з рэканструкцыяй першай узлётна-пасадачнай паласы.