У Мінску пачаў працаваць XV Сусветны кангрэс рускай прэсы

20 июня 2013

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Упершыню ў нашай краіне сабраўся такі прадстаўнічы журналісцкі форум.


Падрабязнасці ў рэпартажы Сяргея Хамянтоўскага.


Сусветны кангрэс рускай прэсы - традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ замежжа. Па сутнасці, гэта адно з прыкметных падзей рускага свету. Сімвалічна і тое, што XV кангрэс праходзіць у Беларусі, у славутых гарадах Мінску і Брэсце. Геаграфія ўдзельнікаў таксама шырокая. Госці прыехалі з 55 краін. Гэтыя лічбы лепш за словы гавораць пра цікавасць і павагу да нашай краіны.


Актуальныя пытанні развіцця сусветнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, захавання рускай мовы - гэтыя тэмы медыясупольнасці трэба абмеркаваць. Ды і ў цэлым статус Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы трэба памяняць.


Журналісцкі форум сёння юбілейны. Прывітанне ўдзельнікам накіраваў Уладзімір Пуцін. Аляксандр Лукашэнка асабіста прыехаў да акул пяра.


На кангрэсе рускай прэсы Кіраўнік дзяржавы чакана пачаў з рускай мовы. Яна родная для беларусаў, лічыць Прэзідэнт.


Руская цывілізацыя, лічыць Аляксандр Лукашэнка, дала чалавецтву не толькі асаблівыя культурныя, але і духоўныя каштоўнасці. Менавіта яны пакладзеныя ў аснову нашай дзяржаўнасці і таго, што прынята называць беларускай мадэллю развіцця.


Гутарка Аляксандра Лукашэнкі з журналісцкай аўдыторыяй атрымалася давернай. У свеце няма абсалютнай свабоды слова, сказаў Прэзідэнт. А папракаць Беларусь у адсутнасці свабоды слова ў век Інтэрнэту проста смешна.


Афіцыйна адкрыўшы кангрэс, Прэзідэнт так проста не пакінуў Нацыянальную бібліятэку. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выставай падпольных друкаваных выданняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыю прымеркавалі да 72-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Заўтра XV кангрэс рускай прэсы будзе працаваць у Брэсце. Журналісты наведаюць легендарную Брэсцкую крэпасць.