У Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіцца кіраўнік Татарстана

18 октября 2016

Галоўнымі напрамкамі для росту эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана павінны стаць прамысловасць, будаўніцтва і інавацыі. Сёння з кіраўніком рэспублікі Рустамам Мініханавым сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.

Сярод расійскіх рэгіёнаў Татарстан традыцыйна ўваходзіць у першую дзясятку суб'ектаў федэрацыі, з якімі Мінск супрацоўнічае найбольш цесна.

У Елабузе дзейнічае зборачная вытворчасць нашых трактароў, а на базе Казанскага завода збіраюць ліфты. Важным напрамкам застаецца нафтагазавае ўзаемадзеянне. Летась Беларусь і Татарстан адчулі на сабе агульную тэндэнцыю - тавараабарот скараціўся амаль на чвэрць.

Татарстан - адзін з самых развітых рэгіёнаў Расіі. У Беларусі разлічваюць на рост паставак камунальнай, пасажырскай, грузавой тэхнікі ў Казань. Гэтае абнаўленне для рэгіёна асабліва актуальнае перад чэмпіянатам свету па футболе - Казань стане адным з 11-ці расійскіх гарадоў, дзе пройдзе мундыяль.