У Беларусі і Украіны вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва. Сёння пра гэта заявіў беларускі лідар на сустрэчы ў Кіеве з украінскім калегам.
Адначасова з перамовамі на вышэйшым узроўні ў сталіцы Украіны праходзіць бізнес-форум, дзе ўжо заключаны кантракты на 40 мільёнаў долараў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да канца дня лічба можа дайсці да 100. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў стварыць міжрэгіянальны форум супрацоўніцтва, бо такі фармат узаемадзеяння дае каласальны эфект. Таксама краіны могуць ствараць сумесны высокатэхналагічны тавар і выходзіць з ім на рынкі трэціх краін. Пётр Парашэнка ў сваю чаргу яшчэ раз падкрэсліў, што развіццё адносін з Беларуссю сярод найважнейшых прыярытэтаў для Украіны.
Перамовам папярэднічала цырымонія сустрэчы па ўсіх правілах пратакола. Пётр Парашэнка сустрэў беларускага лідара на чырвонай дарожцы. Прагучалі гімны дзвюх краін. Урачыстым маршам прайшоў батальён ганаровай варты асобнага палка прэзідэнта Украіны.
У гэтыя хвіліны прэзідэнты працягваюць перамовы ўжо ў пашыраным фармаце з удзелам прадстаўнікоў ключавых міністэрстваў дзвюх краін. Па выніках чакаецца падпісанне пакета дакументаў у розных сферах эканомікі і гуманітарнага супрацоўніцтва.