Сумесныя праекты і рост тавараабароту. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі і наследнага прынца Абу-Дабі

13 сентября 2019
"Усход любіць цярплівых" - старажытная мудрасць арабскага свету сёння як ніколі актуальная ў адносінах Беларусі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. У Мінску  з афіцыйным візітам наследны прынц Абу-Дабі  шэйх   Мухамед бен Заід  аль-Нахаян. Гэта першае наведванне нашай краіны такога высокага ўзроўню і сведчанне даверу і нават дружбы  ў палітыцы, эканоміцы і дыпламатыі. 

І сапраўды, Беларусь цярпліва развівала новыя адносіны з ключавым гульцом у Персідскім заліве апошнія некалькі гадоў. І хоць пакуль дабіцца  аднолькава стабільнага росту ва ўсіх сферах - ад інвестыцый да ВПК - не атрымліваецца,   кіраўнікі і бізнес дзвюх  краін разлічваюць, што візіт стане  драйверам  новых пагадненняў і кантрактаў.

Аб чым гаварылі і дамовіліся  на вышэйшым узроўні і чаму афіцыйны Мінск робіць стаўку менавіта на Эміраты,  прасоўваючы свае інтарэсы ў заліве,  - наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў. 


Першы візіт наследнага прынца Абу-Дабі ў  Беларусь

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты па старых звычаях у свеце лічаць найбагацейшай кладоўкай вуглевадародаў у заліве і інвестыцыйным банкам для ўсяго заходняга свету - ад Уол-стрыт у Нью-Ёрку да лонданскага Сіці. Зрэшты, за апошнія 15 гадоў афіцыйны Абу-Дабі зрабіў каласальны крок у мадэрнізацыі эканомікі, за якім знеешні імідж проста не паспявае. Унікальныя тэхналогіі апраснення  вады, геолагаразведкі, ВПК, ядзернай медыцыны і лічбавага сектара хай-тэк - гэта толькі малая доля новай эканомікі Эміратаў, у якой і ў Беларусі ёсць свой істотны сегмент.

Знешняе рэнамэ не паспявае за ўнутраным развіццём краіны і грамадства - у гэтым Мінск і Абу-Дабі вельмі падобныя. Ды і нашы праекты мадэрнізацыі стартавалі прыкладна ў адзін час - у пачатку нулявых. Ключавыя сферы для маштабных дзяржінвестыцый узаемадапаўняюць   адна адну. Выключэнні, мабыць, - дрэваапрацоўка і харчаванне. Ландшафт і клімат у Эміратах зусім не спрыяюць гэтым сектарам. Затое ёсць будаўніцтва, IT-медыцына і ёмісты сегмент ВПК і робататэхнікі. Яны забяспечылі эканамічнае і палітычнае ўзаемапрыцягненне. 


Дынаміка добра чытаецца па календары візітаў на вышэйшым узроўні

Двухтысячны - першае адкрыццё Эміратаў для суверэннай беларускай дыпламатыі. 2007 - запушчана дарожная карта па спалучэнні эканомік. Сусветны крызіс, вядома, унёс карэктывы, але з першымі парасткамі посткрызіснай эканомікі рух аднавіўся. За няпоўныя пяць гадоў - адразу 4 рабочыя візіты і настойлівае запрашэнне наследнаму прынцу  наведаць Беларусь. 

Цырымоніі ў рамках візіту вытрымліваюць паводле вышэйшага разраду дыпламатычнага этыкету. І не толькі з-за высокага статусу госця. Кожны элемент пратаколу мімаволі падкрэслівае блізкасць. Беларускія колеры флага (зялёны, чырвоны, белы) гарманічна спалучаюцца з панарабскімі колерамі флага ААЭ. Афіцыйныя гімны таксама дзіўна трапляюць ва ўнісон.

Агульнае ёсць нават у тэкстах. Мяркуйце  самі: "Квітней, мая краіна" ў Эміратаў і "Квітней,  Беларусь"  у нашым гімне. Гэта,  вядома,  дэталі, але на Усходзе ім надаюць каласальнае значэнне.  Асаблівы сэнс лідары Эміратаў укладваюць і ў паняцці "сябар" і "брат". У арабскай культуры не для прыгожага слоўца,  у іх ёсць свой палітычны сэнс і ўзровень даверу. 


Апорны  пункт беларускай эканомікі ў Персідскім заліве 

Беларусь разглядае Эміраты  як апорны пункт сваёй эканомікі на прэміяльным рынку ўсяго Персідскага заліва. Такім жа фарпостам, толькі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, для Абу-Дабі з'яўляецца Мінск. Адсюль узаемная цікавасць і імкненне ад тактыкі выйсці на стратэгічны ўзровень адносін.

Візіты на вышэйшым узроўні традыцыйна падганяюць увесь комплекс адносін  - ад гандлю да інвестыцый. А таму словы Прэзідэнта  гучаць як прамое даручэнне ўраду і бізнесу напоўніць арабскі вектар новым  зместам. 

Узаемная эканоміка, гандаль і інвестыцыі, на жаль,  пакуль далёкія ад пастаянства. Да 2017  года набралі  добры тэмп, але па выніках мінулага праселі на 20 % у тавараабароце. Сёлета па гандлі нагналі - экспарт ужо вырас на траціну. Тыя ж "арэлі" і ў інвестыцыях. У  2018 ірванулі ў 2,5 раза  - да 44 мільёнаў долараў, прычым гэта толькі прамыя капіталаўкладанні. Але ў 2019 тэмп зноў запаволіўся, а агульная сума за паўгоддзе не дабралася і да 27 мільёнаў. 

Кіраўнік нашай дыпламатыі ў Эміратах Андрэй Лучанок тлумачыць узлёты і падзенні непастаянствам бізнесу. Рынак Персідскага заліва многія лічаць далёкай і складанай альтэрнатывай. І ідуць туды толькі вымушана - калі суседзі закрываюць рынкі. Так,  харчовыя санкцыі Расіі прымусілі ўкараніць стандарт "Халяль" для арабскіх рынкаў.  


ВПК як эталон рыначнай стратэгіі 

Галоўнае выключэнне з імгненнай логікі экспарту ў заліў - ВПК. Кантракты тут доўгія і вялікія, рыхтуюцца дбайна, і, аднойчы запусціўшы ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, ад яго ўжо не адмаўляюцца. Тактыку і стратэгію ваенных экспарцёраў па ўваходзе на рынак і замацаванні сваіх пазіцый маглі б выкарыстаць і іншыя вытворцы з Беларусі. Канкурэнцыя ў свеце ўжо даўно нагадвае вайну без правіл, і хто як не вайскоўцы навучаць змагацца за кожны кантракт і кожнага кліента.

Дарэчы, тэма вайны і перамогі прагучала сёння ў рамках візіту на ўрачыстай мемарыяльнай цырымоніі. Наследны прынц Абу-Дабі аддаў даніну памяці героям, якія абаранілі свабоду Беларусі і Еўропы, усклаўшы вянок да стэлы "Мінск - горад-герой".


Усход любіць цярплівых 

Павагу да гісторыі і традыцый  шануюць на Усходзе. У гэтым мы таксама падобныя. Перш чым увайсці ў дом, варта вывучыць менталітэт арабскага свету. Напрыклад, тут гавораць: Усход любіць  цярплівых і настойлівых.  Паважаюць тут і тых, хто вядзе справы са стараннасцю гаспадара, які заклаў сад у пясках. Такая рыса ёсць і ў беларускім характары. Таму так сімвалічна і натуральна глядзелася пасадка дрэва дружбы двума лідарамі сёння на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці.