Нарада Прэзідэнта па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе"

22 января 2019

Даходы дзяржслужачых могуць расці або падаць толькі ў адпаведнасці з ростам або падзеннем жыццёвага ўзроўню ўсяго насельніцтва. Такую прынцыповую задачу паставіў Прэзідэнт на нарадзе па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе".

Гэты дакумент павінен стаць трывалай асновай для якаснай працы беларускіх кіраўнікоў, стварыць умовы для прыняцця імі сумленных і справядлівых рашэнняў. Эфектыўная кадравая палітыка вызначае аўтарытэт усёй сістэмы ўлады. Таму ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў дзяржрэестра заўсёды надавалася вялікая ўвага. У комплексе навыкаў тут цэніцца не толькі чысты прафесіяналізм, але і высокія маральныя якасці. Павышаныя патрабаванні да службовай дысцыпліны дзяржслужачых па аналогіі з ваеннай службай прапануюць увесці і распрацоўшчыкі законапраекта. Над дакументам працавалі навукоўцы і эксперты, якія пераважна не занятыя на дзяржаўнай службе. Недапушчальна ствараць такія дакументы "пад сябе" - яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта. Як і стварэнне цэласнай сістэмы, у якой справядліва будуць збалансаваны правы і абавязкі чыноўнікаў.

Праект закона, пададзены на разгляд, замацоўвае цэласную сістэму дзяржслужбы, якая дзеліцца на тры асобныя кірункі: дзяржаўная цывільная служба, ваенная служба і служба ў ваенізаваных арганізацыях. Прычым для ўсіх прадугледжаны павышаныя дысцыплінарныя і этычныя патрабаванні.

Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі: "Дадаткам да гэтага праекта з'яўляюцца агульныя этычныя патрабаванні, якія ўстанаўліваюць патрабаванні для дзяржслужачых як у службовы час, так і ў пазаслужбовы. Акрамя таго, там прапісваецца, як паводзіць сябе з улікам сённяшняга развіцця інфармацыйных тэхналогій у сацыяльных сетках. Г.з. гэта тыя кірункі, па якіх жорстка ставіў пытанне Прэзідэнт. Службовая дысцыпліна. Упершыню з'явілася ў гэтым праекце нарматыўнае прадпісанне, што такое службовая дысцыпліна. І гэта падобна патрабаванням у воінскіх статутах, якія ў нас сёння ёсць".

Прэзідэнт зрабіў акцэнты і яшчэ на некалькіх прынцыповых момантах: наколькі актуальны новы дакумент, з дапамогай чаго будзе павышацца прэстыж дзяржслужбы? Асобна ў законе змяшчаецца комплекс мер па процідзеянні карупцыі. Гэты кірунак традыцыйна пад жорсткім кантролем з боку Кіраўніка дзяржавы.