Сёння пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Катар

29 октября 2016

Днём Борт нумар адзін прызямліўся ў сталіцы гэтай блізкаўсходняй дзяржавы - Досе. Заўтра асноўны дзень перамоў. Як плануецца, Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з эмірам краіны шэйхам Тамімам бэн Хамадам аль-Тані. Па выніках сустрэчы чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў. У іх ліку пагадненні аб супрацоўніцтве ў фінансавай сферы і ахове здароўя. Сярод арабскіх дзяржаў Блізкага Усходу Катар - найбуйнейшы фундатар у беларускую эканоміку. Што збліжае Мінск і Доху, чым Сінявокая прыцягвае бізнесменаў краіны Персідскага заліва, і як адной з самых невялікіх дзяржаў свету ўдалося стварыць самую хуткарослую эканоміку. З Катара - рэпартаж Вольгі Макей.

Катар можна разглядзець з ілюмінатара самалёта ледзь ці не цалкам. Затое сталіцу Доху прыкметна адрозніваюць небаскробы. Маленечкую краіну ледзь знойдзеш на карце. Па тэрыторыі дзяржава займае толькі 158 месца ў свеце.

Плошча - усяго 11 з паловай тысяч кіламетраў квадратных. А самая шырокая частка паўвострава - 80 кіламетраў. Словам, у межах Мінскай вобласці магло б размясціцца амаль чатыры Катары.

Пасля прылёту нават не трэба пераводзіць гадзіннікі. Мінск і Доха жывуць секунда ў секунду. Затое адрознівае блізкаўсходнюю дзяржаву гарачы клімат. Днём тут практычна не сустрэнеш праходжых, хіба што каля гандлёвых цэнтраў, таму і дзелавая актыўнасць - бліжэй да вечара.

Да спякоты катарцы прывыклі. Куды больш важна для іх змяняць у лепшы бок клімат дзелавы. Да сярэдзіны 20 стагоддзя асноўнымі рэсурсамі краіны Персідскага заліва была здабыча жэмчугу. Каштоўнасць можна сустрэць нават у архітэктуры Дохі. Але вывесці Катар у сусветныя лідары па ВУП на душу насельніцтва дазволілі вуглевадароды. Блізкаўсходняя дзяржава на трэцім месцы па запасах газу, на шостым - па яго экспарце і буйны прадавец нафты. Гэтая галіна забяспечвае больш за палову ВУП краіны.

Невялікая дзяржава Катар сёння краіна кантрастаў. Тут нараўне з пустынямі і вярблюдамі ў пясках нараджаецца новая цывілізацыя. Каласальныя сродкі, укладзеныя ў інфраструктуру, тут ужо прынеслі відавочны плён. Мець офіс сваёй кампаніі ў Досе мараць найбуйнейшыя сусветныя карпарацыі, выкупляючы цэлыя небаскробы. А ўлады імкнуцца стварыць на паўвостраве ідэальнае месца для бізнесу.

Ужо сёння гэтую дзяржаву называюць найбагацейшай у свеце. Пакуль нафтагазавая галіна прыносіць плён - Катар інвестуе сам у сябе, разумеючы, што цалкам залежаць ад сыравіннага рынку і ў сучасных умовах, і ў будучыні нельга. Тут пабудавалі цэлы адукацыйны горад, дзе адкрытыя філіялы амерыканскіх, брытанскіх, французскіх ВНУ. Абед Заабалаві распавядае: калі ён толькі нарадзіўся, у Катары быў усяго адзін універсітэт, сёння - 25. Зараз бізнесмен развівае IT-сектар. На гэтую сферу ў Катары робяць стаўкі, а ўзорным лічаць беларускі досвед.

Абед Заабалаві, бізнесмен (Катар): 

"У нашай краіне адкрыўся Парк высокіх тэхналогій, дзейнічае Катарскі фонд адукацыі і навукі. Таму зараз патрэбныя людзі, каб усе гэтыя ўстановы функцыянавалі, а кірункі развіваліся. Беларускія праграмісты - адны з лепшых у свеце, яны сапраўды прафесіяналы. Напрыклад, у ЗША таксама развітыя высокія тэхналогіі, але інвестыцыі там не гэтак выгадныя. У Беларусі мы плануем адкрыць прадстаўніцтва".

Зрэшты, у Дохі і Мінска вялікія планы. Таму візіту Аляксандра Лукашэнкі тут чакалі. Прэзідэнт Беларусі прылятае ў гэтую краіну ўжо трэці раз.

Аляксандра Лукашэнку вітаюць як самага ганаровага госця, паводле ўсіх канонаў блізкаўсходняй гасціннасці. Сімвалічна, што ля трапа Прэзідэнта Беларусі сустракае міністр фінансаў. Краінам ёсць што абмеркаваць у гэтай сферы. Таму пасля прылёту адразу кароткія перамовы.

Беларускі лідар бываў у Досе ў 2001 і 2011 гадах. 5 гадоў таму дзяржавай кіраваў яшчэ Хамад бэн Халіфа аль-Тані. Гэта бацька цяперашняга эміра Катара. У Мінск ён прылятаў у 2009-м. Для сына, Таміма бэн Хамада аль-Тані, Беларусь таксама добра знаёмая, ён двойчы гасцяваў у нашай краіне.

А падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паўгода таму ў Стамбуле эмір заявіў: Мінск для Дохі - партнёр стратэгічны. Ужо заўтра беларускі лідар і эмір Катара сустрэнуцца зноў.

Сярод арабскіх дзяржаў Блізкага Усходу Катар - найбуйнейшы фундатар у беларускую эканоміку. Зараз краіны прапрацоўваюць магчымасць паставак на гэты рынак БелАЗаў і грузавікоў МАЗ. Тут яны спатрэбяцца ў сферы будаўніцтва. Праз 6 гадоў Доха прыме чэмпіянат свету па футболе. Да мундыяля тут узводзяць шмат спартыўных і інфраструктурных аб'ектаў, будуюць дарогі і нават метро. Мае патрэбу Катар і ў якасных аздобных матэрыялах.

Усе сумесныя праекты абмяркуюць ужо заўтра. Да перамоў палітыкаў падрыхтаваны партфель дакументаў. Вядома, што ў ім - пагадненні ў сферах аховы здароўя, адукацыі, фінансаў. Але гэта толькі малая доля таго, у чым у Мінска і Дохі агульная цікавасць. Тут упэўненыя: цяперашні візіт стане новым этапам развіцця стратэгічных адносін.