Расія падтрымае эканоміку Беларусі

8 февраля 2016

Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, калі прымаў з дакладам міністра замежных спраў нашай краіны.

У найбліжэйшай будучыні Мінск і Маскву чакае шэраг буйных падзей. Гэта пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, яно адбудзецца ў канцы лютага ў беларускай сталіцы. А ў чэрвені Мінск прыме форум рэгіёнаў дзвюх краін. Зрэшты, двухбаковыя адносіны Беларусі і Расіі не адзіная тэма, пра якую гаварылі ў Прэзідэнта. Уладзімір Макей далажыў пра вынікі знешнепалітычнай і эканамічнай дзейнасці Беларусі за мінулы год. Атрымалася дасягнуць дадатнага сальда знешняга гандлю. Экспарт на новыя рынкі павялічыўся на 7%. Падчас сустрэчы Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы на гэты год. Сярод іх - засваенне новых перспектыўных рынкаў, а таксама ўзмацненне ўзаемадзеяння з асноўнымі гандлёвымі і стратэгічнымі партнёрамі.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Літаральна каротка пра вынікі знешнепалітычнай, эканамічнай дзейнасці. Самае галоўнае - атрымаць Вашы ўстаноўкі па рэалізацыі шэрагу знешнепалітычных і эканамічных задач, прынцыповыя ўстаноўкі на 2016. Гэта датычыцца нашага ўдзелу ў інтэграцыйных працэсах і перспектыў нармалізацыі нашых адносін з Захадам".

Падрабязнасцямі гутаркі ў Прэзідэнта Уладзімір Макей падзяліўся з журналістамі. Падчас дакладу асаблівую ўвагу надалі перспектывам нармалізацыі адносін з Захадам, у першую чаргу з ЕС і ЗША. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў: усе бакі нацэленыя на раўнапраўны і паважлівы дыялог.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Асабліва Прэзідэнт цікавіўся перспектывамі нармалізацыі нашых адносін з Захадам, з ЕС і ЗША. Пра сённяшнюю сітуацыю і пра перспектыву адмены тых абмежавальных мер, якія пакуль яшчэ існуюць у дачыненні да Беларусі. Я думаю, тут перспектывы нармальныя. Самае галоўнае, што нам атрымалася дамагчыся не толькі змены атмасферы, але і самога зместу нашых узаемаадносін з ЕС і ЗША. Усе бакі нацэленыя на раўнапраўны, паважлівы дыялог. Прэзідэнтам дадзеныя пэўныя даручэнні па развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з ЕС, у тым ліку ў такіх адчувальных сферах, як праваабарончая тэматыка, праца з АБСЕ, падрыхтоўка і правядзенне розных выбараў у Беларусі".

Уладзімір Макей таксама распавёў аб праекце Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту да 2020 года, якую МЗС Беларусі вынес на грамадскае абмеркаванне. У наступную пяцігодку наша краіна плануе нарошчваць экспарт за кошт здымання бар'ераў ва ўзаемным гандлі ў рамках ЕАЭС, выхаду на новыя рынкі, у тым ліку далёкай дугі, і развіцця высокатэхналагічных паслуг у сферы медыцыны і IT-сектары. Сярод прыярытэтаў - кітайская ініцыятыва "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху" і забеспячэнне экспарту тавараў у Паднябесную на суму не меней як паўтара мільярда долараў.