Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан

12 декабря 2015

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс "Народная памяць" у Ашхабадзе. Кіраўнік беларускай дзяржавы ўсклаў вянок да манумента загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікі мемарыяльны комплекс уключае ў сябе помнік у гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама манументы, якія ўвекавечваюць памяць тых, хто загінуў у Геок-Тэпінскай бітве, і ахвяр ашхабадскага землетрасення. Побач з комплексам размешчаны музей. Прэзідэнт Беларусі пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Акрамя гэтага, Кіраўнік дзяржавы наведаў сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш. На ёй экспануецца прадукцыя 117-ці кампаній. На выставе плануецца падпісанне 8-мі кантрактаў на 10 з паловай мільёнаў долараў. Гэта будуць дагаворы з беларускімі прадпрыемствамі нафтаперапрацоўчай, хімічнай і харчовай прамысловасці. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй як беларускай, так і туркменскай прадукцыі. Затым Кіраўнік дзяржавы наведаў алімпійскі гарадок, дзе агледзеў шматфункцыянальную спартыўную арэну, велатрэк і залу цяжкай атлетыкі.

Сёння Туркменістан святкуе Дзень нейтралітэту. Гурбангулы Бердымухамедава і ўсіх жыхароў гэтай краіны з нацыянальным святам павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да падзеі прымеркаваны маштабны міжнародны форум пад назвай "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця". У ім возьме ўдзел і Кіраўнік беларускай дзяржавы.