Прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

3 ноября 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння ўслаўленага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры Якуба Коласа.

"Адзін з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтар знакамітых паэтычных шэдэўраў, ён стаў сапраўдным народным Песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова паказаў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і лепшыя рысы характару беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы", - гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё і літаратурная дзейнасць Якуба Коласа - прыклад самаадданага служэння народу і Бацькаўшчыне. А яго творчая спадчына па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для шматлікіх пакаленняў.

"Упэўнены, урачыстыя мерапрыемствы будуць спрыяць захаванню, развіццю і папулярызацыі нацыянальнай культуры, умацаванню адзінства грамадства і ўслаўленню новых яркіх літаратурных талентаў", - адзначыў Прэзідэнт.